Гродзенца Андрэя Шкляра будуць судзіць за здраду дзяржаве і разгалошванне дадзеных следства, паведаміў Telegram-канал «Право имеют». Раней мужчына працаваў у Кастрычніцкім РАУС Гродна.
Суд над Андрэем Шклярам пачнецца 20 лютага ў Гродзенскім абласным судзе. Суддзя — Васіль Скок, пасяджэнне будзе закрытым. Шкляра будуць судзіць паводле арт. 356 ч.1 КК (Здрада дзяржаве) і арт. 407 КК (Разгалошванне дадзеных дазнання).
Што вядома пра Андрэя Шкляра
Андрэю Шкляру 38 гадоў, ён працаваў інспектарам крымінальна-выканаўчай сістэмы Кастрычніцкага РАУС у Гродне. Незадоўга да арышта ён падаў рапарт на звальненне, бо быў нязгодны з тым, як працуе сістэма. Затрымалі Шкляра ў лістападзе 2021 года.
Зараз ён знаходзіцца ў гродзенскай турме № 1 на вуліцы Кірава.