Навіны

На аўкцыён выставілі рэдкі гродзенскі ровар «Niemen»: колькі за яго хочуць і ці сапраўды ён столькі каштуе?

Кракаўскі ламбард выставіў на продаж, як яны сцвярджаюць, «легендарны, культавы, адрэстаўраваны» веласіпед з гродзенскай фабрыкі «Niemen». Такія ровары рабілі ў Гродне ў 1930-х. У Беларусі захаваліся адзінкі. Прадавец хоча атрымаць за яго 7900 злотых — гэта амаль 5000 рублёў або 1650 еўра. Пра гэта піша блог пра гісторыю Hrodna 11:27.

Веласіпед прадаецца з вясны 2022 года. Тады за яго хацелі 10 000 злотых, але пакупнікоў не знайшлося. Чаму?

Магчыма, справа ў тым, што прадаецца зусім не «Niemen».

«Перад намі адназначна ровар 1930-х гадоў, а вось далей трэба разбірацца з рулеткай, дэталёва вывучаць элементы і зварачныя швы. Справа ў тым, што ўсе ровары таго часу падобныя як дзве кроплі вады і агулам адрозніваюцца толькі шыльдзікамі, — патлумачыў калекцыянер і рэстаўратар веласіпедаў Андрэй Камоска ў размове з Autogrodno.by. — Ровар у аб’яве ў такім прадажным выглядзе гэта „зборная салянка“. Выгляд і профіль дэталяў адпавядаюць 1920−40-м гадам, аднак афарбоўка нізкаякасная, відавочныя спешныя недаробкі крылаў, такая ж спешная спроба ўкамплектаваць і абвесіць раму тым, што ёсць».

Андрэй Камоска калекцыянуе рэтраровары з 2015 года. У яго калекцыі - 30 экземпляраў старых беларускіх веласіпедаў. Пабачыць яе можна на выставе ў Міры. Таксама ён паказваў частку сваёй калекцыі ў Гродне.

Ровар відавочна даўкамплектоўвалі тым, што было даступна і больш-менш адпавядала эпосе. Напрыклад, выкарыстана сядзенне вытворчасці Чэхаславакіі.

Праблема з вызначэннем арыгінальнасці ровара таксама ў тым, што дагэтуль няма відавочнага эталона. Дэтальна вывучанага веласіпеда «Niemen» і дакументальных пацвярджэнняў канструкцыі няма.

Андрэй Камоска лічыць, што цана ў 1600−1700 еўра адэкватная для арыгінальнага ровара «Niemen», але не верыць, што прадаецца менавіта ён. Калі гэта проста стары ровар, то адэкватная цана — каля 370 еўра. Пры гэтым прадавец не абавязкова спрабуе кагосьці падмануць — ён можа шчыра верыць, што перад ім арыгінал.

Меркаваны ровар «Niemen» з ламбарда Wegar у Кракаве. Фота: allegro.pl

У ровара з кракаўскага ламбарда ёсць свая легенда. Паводле прадаўцоў, веласіпед у час Другой сусветнай вайны захапілі немцы і ён мог быць на ўзбраенні 203-й дывізіі пяхоты ў роце связі. Дывізію разбілі ў 1945 годза пад Варшавай. Там і застаўся ровар, а праз 74 гады, у 2019-м, яго выкупіў папярэдні ўласнік каб адрэстаўраваць. Пра «нямецкасць» мог сведчыць таксама раней прымантаваны багажнік ад нямецкага веласіпеда «Torpenfahrad».

Чытайце таксама: «Старавольскія злавілі момант». Як у Гродне рабілі ровары і матацыклы «Нёман»

Колькі ровараў «Niemen» ёсць у Беларусі

Усяго фабрыка ровараў і матацыклаў Старавольскіх «Niemen» выпускала 12 мадэляў ровараў, дзве мадэлі мапедаў і тры мадэлі матацыклаў. Экземпляраў захавалася вельмі мала.

У самога Андрэя Камоскі шэсць «Нёманаў», тры з якіх ён цалкам аднавіў. У Гродне ёсць тры «Нёманы»: у вядомых раварыстаў Юліі Каляды і Міхала Нарынкевіча, а таксама ў яшчэ аднаго неназванага мужчыны. У прыватных калекцыях ёсць яшчэ тры ровары. Агулам у краіне — 12, пра якія вядому Камоску.

Вядома, што нямала экзэмпляраў у мінулыя гады прадалі і вывезлі ў Польшчу. Найбліжэйшы да Гродна вядомы — жаночы варыянт мапеда «Niemen», якія захоўваецца ў прыватным музеі тэхнікі ў Беластоку.

Хто і дзе рабіў ровары «Niemen»?

У 1894 годзе бацька і сын Нохум і Лазар Старавольскія з заможнай яўрэйскай сям'і заснавалі ў Гродне невялікую слесарскую майстэрню на сучаснай вуліцы Маладзёжнай. У сярэдзіне 1920-х гадоў пры заводзе ўжо працавала крама Старавольскіх, дзе прадавалі ровары нямецкай фірмы «Durkopp» і іншых марак, швейныя машынкі «Pfaff», «Omega» і іншыя.

Неўзабаве фірма пачаліся вырабяць свае ровары. Гродзенскія ровары міжваеннага перыяду па сваёй канструкцыі былі якаснымі копіямі найлепшых нямецкіх мадэляў, такіх як «Durkopp», але з некаторымі адрозненнямі.

У сярэдзіне 1930-х гадоў на прадпрыемстве працавала каля 100 чалавек. Гродзенскія ровары карысталіся папулярнасцю не толькі ў Гродне, але і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, сярод паштальёнаў і вайскоўцаў. У апошнія гады перад Другой сусветнай фабрыка пачала выпускаць мапеды і матацыклы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскі «Кронан Парк Гатэль» прызналі найлепшым гатэлем ў краінах СНД

Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…

7 красавіка 2025

У Беларусі рэзкі рост пазбаўлення бацькоўскіх правоў — дасягнулі «рэкорду» за апошнія 9 гадоў

У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…

7 красавіка 2025

Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка

Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…

7 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Дзевятоўцы прадаюць кватэру з чарапашкамі-ніндзя і аб’ёмнай картай свету на сцяне

На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…

4 красавіка 2025

Лакацыі паводле фільмаў пра вайну, парад і ўзяцце Тэкстыльшчыкаў замест Рэйхстага. Што плануюць у Гродне на 9 траўня?

У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…

4 красавіка 2025

У Гродне падаражэў праезд у гарадскім транспарце — і на прыгарадных маршрутах

З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…

4 красавіка 2025