Суддзя Дзмітрый Бубенчык асудзіў палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе БелТА. Прысуд вынеслі 8 лютага ў Гродзенскім абласным судзе.
Андрэя абвінавацілі па арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы». Судовыя пасяджэнні былі закрытымі. Па арт. 361 КК яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі, па арт. 130 КК — сем гадоў. Канчатковае пакаранне вызначылі шляхам частковага складання пакаранняў.
Паводле абвінавачання, Пачобут на працягу многіх гадоў працаваў у "нелегальнай арганізацыі, якая нібыта аб'ядноўвае палякаў у Беларусі" і збіраў інфармацыю ў інтарэсах замежных арганізацый. Ён таксама "заклікаў да санкцый у дачыненні да Беларусі", "спрыяў гераізацыі Арміі Краёвай".
Дзяржабвінаваўца - Дзяніс Корда.
Супрацоўнікі дзяржаўных выданняў прысвяцілі суду свае сюжэты, у якіх паспрабавалі дыскрэдытаваць журналіста.
Анджэй Пачобут — журналіст і адзін з лідэраў непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Працаваў у недзяржаўных беларускіх медыя, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі. Вывучае гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі.
Чытайце таксама
- Рэакцыя на суд Анджэя Пачобута: сюжэты дзяржпрэсы, акцыі салідарнасці і заклікі вызваліць
- У Гродне судзяць журналіста і лідара Саюза палякаў Анджэя Пачобута: суд зрабілі закрытым
Рэакцыя грамадства
"Беларуская асацыяцыя журналістаў рашуча пратэстуе супраць гэтага выраку. Ад самага пачатку справа супраць Анджэя Пачобута выглядала, як расправа за іншадумства і шматгадовую цвёрдую грамадскую пазіцыю журналіста. Сённяшні прысуд, вынесены пасля разгляду справы ў закрытым рэжыме, не мае нічога агульнага з правасуддзем і з’яўляецца помстай нашаму калегу. Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе неадкладнага вызвалення Анджэя Пачобута і ўсіх 33-х прадстаўнікоў медыя, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі на сённяшні дзень", - напісала Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Беларуска-польскі журналіст Анджэй Пачобут быў прысуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі за выкананне сваёй працы. Гэта асабістая помста Лукашэнкі. Анджэй адмовіўся ад любых здзелак з незаконным рэжымам. Цяпер мы павінны зрабіць усё магчымае, каб вызваліць яго разам з усімі іншымі палітычнымі закладнікамі», — напісала лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.
«Асуджаем несправядлівы вырак, вынесены судом аўтарытарнай дзяржавы. Анджэй Пачобут — гэта польскі і беларускі патрыёт. Падтрымліваем яго і будзем падтрымліваць. Надыйдзе дзень, калі вольны Анджэй Пачобут і беларускія палякі змогуць жыць на вольнай Беларусі», — напісаў у сваім Twitter прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна.