Аўтобусны парк абяцае кандыдатам у кіроўцы заробак у некалькі тысяч рублёў, сауну, більярд, трэнажоры, масажыста і арэнднае жытло. Тым не менш у штаце не хапае 18% ад патрэбнай колькасці кіроўцаў. Недахоп закрываюць «уласнымі сіламі».
Адзін з кіроўцаў парку хваліцца заробкам каля 3000 рублёў. «Бывае складана, так, вядома, але хочаш працаваць, зарабіць трошкі, то трэба папрацаваць», — кажа ён у рэпартажы «Гродна Плюс».
Графік працы на поўную стаўку — 6 дзён у першую змену, выхадны, 6 дзён у другую змену, два выхадных, расказвае іншы кіроўца. Перад выхадам на лінію трэба прайсці тэхагляд і загнаць аўтобус на мыйку.
Зараз у Аўтобусным парку працуе 270 кіроўцаў замест 330 паводле штатнага раскладу. Каб кампенсаваць недахоп, супрацоўнікі сумяшчаюць паўтары стаўкі, працуюць дадатковыя гадзіны. Пры такім раскладзе сапраўды можна зарабіць некалькі тысяч.
У раздзеле вакансій на афіцыйным сайце аўтобуснага парку кіроўцам прапануюць заробак ад 1800 рублёў.
Застарэлая праблема
Пытанне пра перапрацоўкі ў Аўтобусным парку набыла грамадскі розгалас яшчэ ў 2017 годзе. Тады 57-гадовы кіроўца спыніў аўтобус на Старым мосце, выйшаў з кабіны і скочыў проста ў Нёман. Мужчыну выратавалі. У цяжкім стане ён быў шпіталізаваны, пасля не памятаў дзень, калі ўсё адбылося. Пачаліся пазапланавыя праверкі. Кіроўцы напісалі калектыўныя скаргі з-за ўмоў працы і заробкаў у пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта.
Выявілася, што за 10 месяцаў перапрацоўка склала 320 гадзін пры заканадаўча дазволенай норме ў 180. У працоўны час не ўключалі падрыхтоўку машын перад выхадам на лінію і абслугоўванне пасля, праходжанне медагляду перад выездам.
У 2017 годзе ў Аўтобусным парку не хапала 72 чалавекі. Цякучасць кадраў сярод кіроўцаў тады склала 20,2%.
Чытайце таксама: Сродкі аптымізуюць, але выдаткі не зменшацца. Як будуць працаваць транспартнікі Гродна