У Гродзенскую вобласць у 2022 годзе прыцягнулі больш за $ 225 млн замежных інвестыцый амаль з 30 краін. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на старшыню Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка. Гэта на $ 34 млн менш, чым у 2021 годзе.
Удзельная вага рэінвествання ў аб’ём наўпроставых замежных інвестыцый склала 70%. Гэта значыць, 70% таго, што замежнікі інвеставалі ў 2022 годзе ў Гродзенскую вобласць, яны спачатку зарабілі тут, дзякуючы ранейшым інвестыцыям. Паводле Караніка, гэта кажа пра зацікаўленасць замежнікаў у развіцці раней створаных вытворчасцяў. Але гэта таксама кажа і пра тое, што зусім новых інвестыцый было параўнальна няшмат.
Замежныя інвестары ў Гродзенскай вобласці рэалізуюць праекты па дрэваапрацоўцы, вытворчасці баваўнянай пражы і вырабаў з яе ў Смаргоні, пераапрацоўцы мяса птушкі ў Лідскім раёне, па дрэваапрацоўцы ў Свіслацкім раёне.
Інвестыцыі змяншаюцца трэці год запар
Аб’ём замежных інвестыцый у Гродзенскую вобласць змяншаецца з 2020 года. У 2019 годзе ён дасягнуў максімуму — $ 438,5 млн, а далей пачаў падаць: у 2020 — 430,1 млн, у 2021 — 258 млн. Тады асноўнымі інвестарамі былі арганізацыі з Аўстрыі, Кіпра, Літвы і Польшчы.
Зараз Гродзенская вобласць прыцягвае менш замежных інвестыцый, чым у 2013 годзе.