Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла аб правядзенні штогадовага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ і інтэрнэце працы міліцыі. Рэдакцыя Hrodna.life абрала свае публікацыі, якія лепш за ўсё адлюстроўваюць іх дзейнасць.
У конкурсе — 11 намінацый. Як інтэрнэт-рэсурс, рэдакцыя можа паўдзельнічаць у намінацыі «На страже online». Да ўдзелу прымаюцца тэксты, апублікаваныя на працягу мінулага года. Тэматыка не абмежаваная.
Адна з мэтаў конкурсу — аб’ектыўна інфармаваць аб працы органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.
Якія тэксты мы адправілі б на конкурс?
Распранаюць да трусоў і здымаюць выбачэнні. Як жыхароў Гродзенскай вобласці затрымліваюць за татуіроўкі
Сілавікі любяць хваліцца затрыманымі «небяспечнымі злачынцамі» з татуіроўкамі. Як правіла, з імі здымаюць «пакаянныя» відэа. Пры здымках іх распранаюць да трусоў. Затрыманыя просяць прабачэння ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і абяцаюць звесці татуіроўкі.
«Маша, ну мы ж з табой усё разумеем». Як студэнткі ГрДУ выйшлі на антываенны пікет і ўцяклі ад крымінальнай справы
Таксама сілавікі эфектыўна абараняюць краіну ад студэнтак-першакурсніц.
«З намі размаўляў адзін з АМАПу. Я пачала адказваць на яго пытанні на [беларускай] мове, на што ён пачаў перакрыўляць мяне і наязджаць з пытаннямі, чаму я не магу нармальна размаўляць. Да Машы прычапіўся за надпіс на яе масцы „Быць чалавекам“. На працягу ўсёй паездкі чытаў мараль пра тое, што мы сапсавалі сабе будучыню, а таксама сабе і сваім бацькам паламалі жыццё»
У Гродне затрымалі кухара піцэрыі, які ў 2020 годзе стварыў два пратэстных дваровых чата
Важная функцыя гродзенскай міліцыі - асабліва жорстка затрымліваць мірных людзей, якія не супраціўляюцца.
На відэа бачна, што пры набліжэнні міліцыі хлопец адразу падымае рукі, але яго ўсё роўна схапілі за шыю і паклалі на зямлю.
Аб выніках конкурсу раскажуць на сайце АУС.