Фота ілюстрацыйнае: Meruyert Gonullu, pexels.com
У Гродзенскай вобласці суд асудзіў прыёмных бацькоў, якія з 2016-га па чэрвень 2021 года білі дзевяцярых дзяцей і здзекаваліся з іх.
Дзяцей білі рамянём, сабачай шворкай, крапівой, лінейкай, скакалкай. Білі па спіне, твару, па тулаву. Прыёмныя бацькі прымушалі выхаванцаў пэўны час стаяць, абапёршыся спінай на сцяну з напаўсагнутымі нагамі. Пяцігадовую дзяўчынку пакідалі ў склепе адну на ўсю ноч без святла.
Праз перапіску ў сацсетках прыёмная маці вучыла дзяцей мяняць паказанні і хлусіць следству, распавёў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Аляксандр Сухадольскі ў эфіры праграмы «Причины и следствия» на «Радыё-Мінск», піша «Минск-Новости». Непаўнагадовыя павінны былі казаць следчым аб спрыяльным клімаце і ўмовах у сям'і.
Першапачаткова сям’ю характарызавалі станоўча. Да бацькоў не было пытанняў ні ў настаўнікаў, ні ў міліцыі, ні ў сельсавеце. Але пасля першых трывожных сігналаў следства настаяла на апытанні дзяцей педагогам-псіхолагам. Пагаварылі з дзевяццю дзецьмі ва ўзросце ад 4 да 11 гадоў, якія пражывалі ў гэтым дзіцячым доме. Тады тыя прызналіся, што іх білі столькі, колькі ім было гадоў, запалохвалі і забаранялі каму-небудзь распавядаць пра збіццё.
Падчас папярэдняга следства дапытвалі абвінавачаных, непаўнагадовых і сведак сярод службовых асоб, работнікаў навучальных устаноў і аднавяскоўцаў. Да справы далучылі відэазапісы і перапіску ў сеціве.
У выніку абодвух бацькоў-выхавальнікаў абвінавацілі паводле арт. 176 («Жорсткае абыходжанне з падапечнымі, якое пацягнула істотнае ўшчамленне іх правоў і законных інтарэсаў») Крымінальнага кодэкса. Прыёмнай маці таксама прад’явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 183 («Незаконнае пазбаўленне волі») і ч. 2 арт. 154 («Катаванне, здзейсненае ў дачыненні да заведама для вінаватага непаўналетняй асобы, якая знаходзіцца ў залежным становішчы») Крымінальнага кодэкса.
Жанчыне прысудзілі два гады папраўчай калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 50 базавых велічынь (1850 рублёў). Яе мужу далі два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»).
Чытайце таксама:
Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…
У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…
Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…
На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…
У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…
З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…