Прадпрымальніка з Ваўкавыска Дзмітрыя Марозава затрымалі разам з супрацоўнікамі і сям’ёй 24 студзеня. Пазней сям’ю адпусцілі. Прычына затрымання — нібыта ўхіленне ад аплаты падаткаў, паведаміў Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Версія КДК: Раздрабіў бізнес, каб плаціць менш падаткаў
Дзмітрый Марозаў валодае прыватнай фірмай «Мегасила», якая спецыялізуецца на грузавых перавозках. Паводле версіі Ваўкавыскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў, бізнесмен зарэгістраваў яшчэ двух індывідуальных прадпрымальнікаў, на якіх аформіў некалькі крамаў і гандлёвых цэнтраў. Дзяржкантроль сцвярджае, што дзякуючы гэтай схеме Марозаў з 2016 года не даплаціў у бюджэт амаль 270 тыс. рублёў падаткаў.
«Выручка ад здачы ў арэнду камерцыйнай нерухомасці штучна размяркоўвалася паміж трыма суб’ектамі гаспадарання, што дазволіла кожнаму з іх прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. За кошт неправамернага прымянення асаблівага рэжыму падаткаабкладання бізнесовец ухіліўся ад выплаты падаткаў», — паведамілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю.
Вынялі грошы і арыштавалі маёмасць
Сілавікі затрымалі чатырох чалавек, аднаго з іх заключылі пад варту. Падчас следчых дзеянняў у падазраваных вынялі больш за $ 200 тыс. і € 250 тыс. Маёмасць Марозава арыштавалі: сярод яе нерухомасць, а таксама транспартныя сродкі.
Бізнесам у сферу грузаперавозак Дзмітрый Марозаў займаецца з 1995 года. Уваходзіў у Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Ваўкавыскім райвыканкаме. Паводле інфармацыі «Волковыск.by» у фірмы «Мегасила» 80 фур і каля 200 супрацоўнікаў.