Рэсурс volkovysk.by прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Адпаведнае рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі 24 студзеня 2023 года, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».
Экстрэмісцкім фарміраваннем прызналі групу грамадзянаў «volkovysk.by», аб’яднаных праз сацыяльныя сеткі, мэсэнджары і іншыя інтэрнэт-рэсурсы. У спісе пералічаны суполкі або профілі volkovysk.by у Telegram, Facebook, VK i Twitter. Таксама КДБ паіменна пералічыла сярод удзельнікаў фармавання рэдактара і заснавальніка сайта Алеся Зайцава і рэдактара Аляксандра Таранцея.
Як пазіцыянуе сябе рэсурс
«Volkovysk.by гэта прадукт калектыўнай працы групы аўтараў. Сайт з’яўляецца здабыткам жыхароў Ваўкавышчыны і не належыць і не фінансуецца арганізацыямі, партыямі і фондамі», — напісана на сайце выдання.
Што публікавалі на сайце volkovysk.by
На сайце volkovysk.by, акрамя мясцовых навінаў, можна паглядзець каталог крамаў горада, расклад транспарту, адрасы банкаматаў і аптэк, каталог паслуг накшталт таксі, грузаперавозчыкаў і эвакуатараў.
Сярод партнёраў экстрэмісцкага фарміравання на сайце пазначаны Ваўкавыскі вайскова-гістарычны музей імя Пятра Баграціёна і Ваўкавыскі гарадскі Дом культуры.
Чытайце таксама: Усе старонкі журналіста Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкімі