У Гродзенскім гарвыканкаме абмеркавалі папярэдні план аднаўлення басейна «Лазурный». Яго хочуць аднавіць за два гады, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».
Комплекс адноўленага басейна будзе двухпавярховы. На першым размесцяць аквацэнтр для сямейнага адпачынку, а на другім шэраг саўн.
Што будзе ў адноўленым басейне
У басейне плануюць размясціць два серпантыны: крыты і адкрыты. Таксама там будуць дзіцячы басейн з горкай, гідрамасажная зона, хуткая рака з хуткасцю плыні 2 — 2,5 м/с, імітацыя скалы з вадаспадам, сонечныя лямпы, агульная зона тэрм і джакузі.
Плошча вялікага басейна будзе 185 кв.м., глыбіня — 1,5 м.
Басейн не працуе ўжо 10 гадоў
Басейн «Лазурный» на плошчы Савецкіх пагранічнікаў - першы крыты басейн Гродна. Яго адкрылі ў 1973 годзе для работнікаў завода карданных валаў, карысталіся ім і іншыя гродзенцы. Будынак закрылі ў 2013 годзе з прычыны аварыйнага стану. За гады прастою спартыўны аб’ект агульнай плошчай у 2000 кв.м. пачаў разбурацца.
Камітэт «Гроднааблмаёмасць» некалькі разоў выстаўляў «Лазурный» на аўкцыён, але здолеў прадаць толькі ў 2018 годзе за 1157 рублёў (на той момант — $ 542). На таргі тады падалі ўсяго адну заяўку. Хто стаў новым гаспадаром аб’екта, не паведамлялася. Басейн абяцалі адрамантаваць і адкрыць у 2021 годзе. Але будаўнічыя працы так і не пачаліся. Тэрмін дамовы з уласнікам скончыўся ў снежні 2022 года.
У бліжэйшы час будынак вернецца ў маёмасць горада, а аднаўленнем басейна будзе займацца адно з гарадскіх прадпрыемстваў.
Чытайце таксама: У Гродне ў закінутым басейне адкрылі выставу моладзевага мастацтва