У Польшчы адменяць аўтаматычнае падаўжэнне дзеяння візаў і відаў на жыхарства, якое ўвялі яшчэ ў 2020 годзе з-за пандэміі COVID-19. Змены пачнуць дзейнічаць з 24 жніўня 2023 года. Гэта прадугледжваюць падпісаныя прэзідэнтам Польшчы змены ў «Закон аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай краіны» і некаторыя іншыя законы.
Што зменіцца для беларусаў у Польшчы
Згодна з палажэннямі, якія прынялі ў сакавіку 2020 года, калі тэрмін дзеяння дакументаў замежніка сканчаўся, то ён аўтаматычна працягваўся, пакуль не быў адменены стан пандэміі. Цяпер жа ўладальнікі пратэрмінаваных візаў альбо картаў побыту павінны будуць легалізавацца на працягу 30 дзён альбо пакінуць Польшчу.
Што канкрэтна адменяць
З 24 жініўня 2023 года ў Польшчы адменяць:
- Падаўжэнне тэрміну падачы заявак на прадстаўленне іншаземцам відаў на жыхарства;
- падаўжэнне тэрміну дзеяння відаў на жыхарства;
- падаўжэнне тэрміну дзеяння часовых пасведчанняў асобы іншаземца (TZTC), выданых падчас працэдуры прадстаўлення міжнароднай абароны;
- падаўжэнне тэрміну дзеяння нацыянальных віз і дазволаў на часовае пражыванне;
- падаўжэнне тэрміну выезду замежніка з тэрыторыі Польшчы.
Што за аўтаматычны працяг візаў і пры чым тут COVID?
Візы і карты побыту пачалі аўтаматычна працягваць праз эпідэмію каранавіруса ў сакавіку 2020 года. Замежнікі, якія ў час закрытых межаў вымушаныя былі застацца ў Польшчы, дзякуючы яму не рабіліся парушальнікамі. Усе візы і дазволы на жыхарства аўтаматычна працягвалі свой тэрмін дзеяння, пакуль гэтае рашэнне не будзе адменена. Аднак уладальнікі такіх пратэрмінаваных візаў мусілі заставацца на тэрыторыі Польшчы і не маглі перасоўвацца па тэрыторыі іншых дзяржаваў Шэнгенскай зоны.
Чытайце таксама: Квіток у адзін канец? Якія магчымасці і абмежаванні дае гуманітарная віза ў Польшчу