Былы ўладальнік крамы настольных гульняў “Кубік” і распрацоўшчык настольных гульняў Антон Янкоўскі паведаміў, што затрыманы за рэгістрацыю ў чат-боце “План Перамога” і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў “ВКонтакте”. Відэа з ім выклаў Telegram-канал “Пульс Гродно”.

Антон падкрэсліў, што не здзейсніў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў пасля рэгістрацыі ў «Плане Перамога».

Сілавікі паведамілі, што яму пагражае адказнасць па арт. 361−1 КК «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім». Таксама яго чакае адміністрацыйнае спагнанне паводле арт.19.11 КаАП. Звычайна па гэтым артыкуле прысуджаюць суткі адміністрацыйнага арышту.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, мужчыну затрымалі на вуліцы 24 студзеня каля 12-13 гадзін дня. У яго — жонка і малалетняе дзіця.

Чытайце таксама:

UPD 11 красавіка. Антон Янкоўскі – падазраваны па крымінальнай справе. Яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 1 арт.19.10 і ч.2 арт. 19. 11 КаАП. 30 студзеня яго прызналі падазраваным паводле ч. 3 арт. 361-1 КК “Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім”. Пра гэта стала вядома з дакументаў, якія выклала Вольга Бондарава.

Антон Янкоўскі
Фота: Бондарава