Станам на 24 студзеня ў Гродзенскай вобласці патрэбна 465 лекараў-спецыялістаў. З іх 101 спецыяліст патрэбен у самім Гродне. Ім прапануюць месца ў шпіталях і паліклініках ад 0,12 да 1 стаўкі. Заробак – ад 66,5 да 1600 рублёў.

Самая высокая прапанова па заробку для лекара-спецыяліста ў Гродне – у 23-м санітарна-эпідэміялагічным цэнтры Узброеных сілаў Беларусі. Там прапануюць ад 1500 да 1700 рублёў (гэта сума да падаткаабкладання, то бок ад яе трэба яшчэ адняць 13%) за поўную стаўку. Наступная па грашах прапанова – вакансія лекара-спецыяліста ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы: ад 1400 да 1490 рублёў за стаўку.
За адзін толькі дзен 24 студзеня 2023 года на сайце Службы занятасці насельніцтва апублікавалі 18 вакансій лекараў-спецыялістаў па Гродзенскай вобласці. Агулам па Беларусі не хапае 4,6 тыс. лекараў-спецыялістаў. Адна з прычын кадравага дэфіцыту – працоўная міграцыя, лічыць zerkalo.io.
Лукашэнка абяцаў даць па 2000 рублёў і “паставіць кропкі над і”
У лістападзе 2021 года Аляксандр Лукашэнка казаў, што лекарам нельга плаціць заробак менш за 2000 рублёў. “Узровень гэтых заробкаў для лекараў трэба захаваць. Лекары пойдуць у нас у бюджэтнай сферы як лакаматыў па заробках, будзем і настаўнікаў падцягваць. Не можа быць краіны без лекара альбо настаўніка”.
Тады ж Лукашэнка прапаноўваў, каб маладыя спецыялісты пасля сканчэння ўніверсітэта адпрацоўвалі 10 гадоў.
“Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца – прыйшоў, скончыў. Мы цябе падрыхтавалі – напрыклад, адпрацуй 10 гадоў. Потым хочаш кудысьці з’ехаць – аплаці нам кошт таго, што мы цябе навучылі, і едзь. Альбо няхай тыя заплацяць, куды ты паедзеш. Тады з’ехаў і з’ехаў – прыйшлі маладыя, новыя. Нам трэба паставіць усе кропкі над і”, – сказаў тады Лукашэнка.


