Будынак на вуліцы Замкавай, 5 паспрабуюць прадаць з аўкцыёна 16 лютага 2023 года. Пачатковая цана будынка — больш за 2 млн рублёў ($ 760 тыс.). Адпаведную інфармацыю апублікаваў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.
У камяніцы плошчай 2200 кв.м. можна будзе адкрыць установу грамадскага прызначэння — што заўгодна акрамя жылля ці вытворчасці. У лютым 2020 года казалі, што там можа з’явіцца элітны гатэль.
Гэта не першы аўкцыён
Першы раз будынак спрабавалі прадаць восенню 2021 года. Цана камяніцы была больш за $ 1 млн. Другі раз цану знізілі на 20% і спрабавалі прадаць за $ 925 тыс. У абодвух выпадках пакупнікоў не знайшлося.
Што вядома з гісторыі камяніцы
Будынак на Замкавай, 5 звычайна называюць камяніцай Масальскіх, бо побач некалі існаваў палац Масальскіх і доўгі час лічылася, што гэта быў адзін комплекс. Але гісторык Мечыслаў Супрон сцвярджае, што гэта памылковая назва.
Паводле яго звестак, у пачатку 18 ст. на месцы гэтага будынка быў пляц навагрудскага ваяводы Міхала Фаўстына Радзівіла, забудаваны палацам з афіцынамі. Згодна з планам горада 1753 г., палац быў мураваным і размяшчаўся на некалькі дзясяткаў метраў на поўнач, углыб тэрыторыі. Уся забудова пляца, відаць, згарэла ў адным з пажараў другой паловы 18 ст., бо на плане 1780 г. на гэтым месцы не пазначана ніводнага будынка.
Паводле люстрацыі Гродна 1782 г. пляц належаў радніку магістрата Рафановічу, на якім той узводзіў новы будынак. Можна меркаваць, што будаўніцтва было завершана цягам наступных некалькі гадоў, паколькі будынак зафіксаваны на плане горада 1795 г. У пачатку 19 ст. будынак належаў казне і здаваўся ў арэнду прыватным асобам, затым яго наглядчыкам на працягу доўгага часу з’яўляўся палкоўнік Светчынаў і яго наследнікі.
У міжваенны час да камяніцы быў надбудаваны трэці паверх, а пасля Другой сусветнай вайны знешні выгляд будынка змяніўся да непазнавальнасці, калі да яго надбудавалі трохвугольны франтон, прырабілі балконы. З 1970-х гадоў у камініцы размяшчаўся інтэрнат медычнага інстытута.
Чытайце таксама: Ад палаца да інтэрната. Што вядома аб гістарычным доме на Замкавай, які прададуць з малатка
Будынак памылкова лічаць самым старым у Гродне
Будынак на Замкавай, 5 памылкова лічаць самай старой камяніцай у Гродне. Але гэта няпраўда. Самы стары гродзенскі будынак размяшчаецца недалёка, на супрацьлеглым баку вуліцы, на Замкавай, 12.
Чытайце таксама: Зусім не камяніца Масальскіх. Дзе знайсці самы стары жылы дом у Гродне?