Уладальніка гасцініцы для жывёл у Гродне Паўла Свірбутовіча асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за паклёп і абразу Аляксандра Лукашэнкі. «Вясна» апублікавала вытрымкі з заключэння эксперта. Згодна з яго меркаваннем, жаданне ўбачыць Лукашэнку памерлым — парушэнне грамадзянскага этыкета.
У Кастрычніцкім судзе Гродна 22 снежня 2022 года асудзілі Паўла Свірбутовіча паводле ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 368 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Прысуд вынес суддзя Дзмітрый Кедаль. Інфармацыя пра прысуд з’явілася праз месяц.
Паўла абвінавацілі ў тым, што ён размясціў «Вконтакте» публікацыі, якія суд расцаніў як зневажаючыя гонар і годнасць Лукашэнкі. Там жа Павел пакінуў абразы і абвінавачванні ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў, то бок паклёп.
Публікацыі знайшоў супрацоўнік міліцыі падчас маніторынгу сацсетак.
Што сказалі эксперты?
- Эксперт выявіў, што «сэнсавым зместам карыкатуры ў публікацыі з’яўляецца аўтарскае вобразнае параўнанне Лукашэнкі з пацуком, які «скраў перамогу». Эксперт сцвярджае, што выкарыстанне дадзенай карыкатуры непрымальнае з пункту гледжання сучаснай культуры.
- У выяве нібыта прысутнічаюць элементы, якія дыскрэдытуюць дзяржаўную ўладу (сімвалічнае параўнанне Лукашэнкі з каранаваным пацуком) і адсутнічаюць элементы гумару, сатыры альбо формы гратэску. Сэнсавым зместам карыкатуры з’яўляецца параўнанне падзей Другой сусветнай вайны (генацыд насельніцтва) з падзеямі 2020 года, звязанымі з падаўленнем пратэснай дзейнасці.
- «Сэнсавым зместам карыкатуры з’яўляецца вострая крытыка наяўнай грамадска-палітычнай сітуацыі, то бок, аўтарскае меркаванне аб тым, што Лукашэнка з’яўляецца крывавым дыктатарам».
- «Сэнсавым зместам відэавыявы, якая змяшчаецца ў файле, з’яўляецца парушэнне грамадзянскага этыкета, а менавіта паводзінавай формы этычнай камунікацыі, якая выяўляецца ў выкарыстанні непрымальных, абразлівых жэстаў ў дачыненні Лукашэнкі, а таксама жаданне ўбачыць Лукашэнку памерлым».
Следчым дапамог Белтэлеком
Мужчыну затрымалі ў ліпені. У «пакаянным» відэа ён сказаў, што размяшчаў у інтэрнэце экстрэмісцкія матэрыялы (арт.19.11 КаАП), матэрыялы, якія змяшчаюць абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і зрэпосціў персанальныя дадзеныя больш за 100 супрацоўнікаў міліцыі.
Мужчына цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў здзейсненым. Паводле матэрыялаў справы, Белтэлеком прадаставіў следству падрабязныя звесткі з пазначэннем даты, хвілін і секунд, калі Павел падключаўся да інтэрнэту.
Не адзіны прысуд суддзі
Гэта не адзін «палітычны» прысуд Дзмітрыя Кедаля за апошні месяц. 13 снежня 2022 года ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна ён асудзіў Анатоля Лявоніка да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго судзілі за тое, што ён пакінуў у сваім профілі ў «Аднакласніках» публікацыі, якія ўтрымлівалі «зневажальную інфармацыю» пра Лукашэнку, паведамляе «Вясна».