З 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць адпаведную атэстацыю. «Гродзенская праўда» паведаміла, колькі экскурсаводаў ужо прайшлі яе.
Колькі экскурсаводаў маюць атэстацыю
Станам на 17 студзеня 2023 года ў Гродзенскай вобласці 125 экскурсаводаў і 19 гідаў-перакладчыкаў маюць прафесійную атэстацыю. Апошняя адбылася ў снежні 2022 года. Тады заяўкі на ўдзел падалі 26 чалавек. З іх прайшлі атэстацыю 19.
Атэстацыю праводзяць у форме іспыта з дзвюх частак: камп’ютарнага тэставання і вуснай размовы. Каб здаць іспыт на камп’ютары, трэба адказаць правільна мінімум на 60% пытанняў. Вынікі іспыта дзейсныя на працягу двух гадоў.
Падчас атэстацыі прэзентавалі новую аўтарскую экскурсію
«Палова з іх [экскурсаводаў - Hrodna.life] працуе па горадзе Гродна, таксама былі прадстаўнікі з Ліды, Навагрудка, Смаргоні, Мастоў і Мінска. Многія з заяўленых тэм экскурсій, выбраных для праходжання атэстацыі, ужо былі раней зацверджаны Нацыянальным агенцтвам па турызме. Але была таксама прадстаўлена і з поспехам абаронена новая аўтарская экскурсія па Рэспубліканскім ландшафтным заказніку „Азёры“», — распавяла намесніца кіраўніка ўпраўлення спорта і турызма Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
Паводле яе словаў, новая аўтарская экскурсія прапануе паездку на дрызіне ў глухія месцы лясоў і балотаў.
Вузкакалейная чыгунка ў Азёрах — частка былой торфавознай дарогі ліквідаванага торфапрадпрыемства «Верцялішкі». Яе вырашылі захаваць для развіцця турызму. Сама дарога — адна з самых доўгіх вузкакалеек у Беларусі. Яе працягласць да самай далёкай кропкі — каля 30 км.
Чытайце таксама: На дрызіне з відам на мачтавыя сосны: як патрапіць на экскурсію па вузкакалейцы ў заказніку «Азёры»
Што змянілі ў правілах
Змены ў правілах «Аб экскурсійным абслугоўванні» прынялі з мэтай абароны ўнутраннага экскурсійнага рынку. Паводле новых правілаў гіды абавязаны мець пры сабе пералік тэмаў экскурсій, якія яны абаранілі, а таксама бэйдж, тэрмін дзеяння якога пяць гадоў.
«Раней экскурсаводам не патрабавалася мець пры сабе пералік тэм, якія прайшлі атэстацыю. З гэтага года павысіліся патрабаванні. Напрыклад, раней, калі экскурсавод быў атэставаны па Гродне, ён пры гэтым мог вазіць турыстаў у Навагрудак, Нясвіж і гэтак далей. І на гэта не звярталі асаблівай увагі. Цяпер экскурсіі ён можа праводзіць строга па тых тэмах, якія абараніў як экскурсавод», — сказала Лідзяева.
Расказваеш не па тэме — прыпыняць дзейнасць
Калі турысты паскардзяцца на якасць экскурсійнага абслугоўвання альбо значнае адступленне экскурсавода ад зацверджанай тэмы, то дзейнасць пасведчання могуць прыпыніць на тэрмін да аднаго года.
«Раней да гэтага не звярталілся, але ўлічваючы, што ў апошні час былі выпадкі грамадзянаў са скаргай на правядзенне экскусій экскурсаводамі, гэтая мера стала неабходнай», — сказала Таццяна Лідзяева.
Атэстоўваюць не толькі экскурсаводаў
Паводле новых правілаў атэстацыю павінны праходзіць таксама аўдыягіды. Пры іх атэстацыі правераць, ці адпавядае іх змест патрабаванням да галасавога суправаджэння, да тэксту, фота і відэа, схеме маршрута і іншым.
Чытайце таксама: Па Гродне з аўдыягідам. Валанцёры распрацоўваюць аплікацыю, каб расказаць пра свой горад
Пад дзеянне пастановы не будуць падпадаць аўдыягіды, якія выкарыстоўваюць падчас экскурсій у арганізацыях і ўстановах адукацыі, на тэрыторыі культавых пабудоваў, прамысловых прадпрыемстваў, на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях.
Навошта патрэбен рэестр экскурсаводаў
Савет Міністраў ўвёў нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, а таксама аўдыягідаў. Ён дазволіць турыстам загадзя даведацца пра якасць экскурсійнага абслугоўвання.
У ім можна будзе даведацца прозвішча і імя экскурсавода, кантактныя дадзеныя, нумар і тэрмін дзеяння пасведчання аб атэстацыі, пералік тэмаў экскурсій. Паглядзець такі спіс можна на партале Нацыянальнага агенцтва па турызме.