Мемарыяльны комплекс «Шталаг-324» на Фолюшы плануюць рэканструяваць. Улады збіраюць прапановы гродзенцаў.
Прапановы датычна рэканструкцыі прымаюць у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна да 31 студзеня ўключна. Іх варта дасылаць пісьмова на электронную пошту [email protected].
Чытайце таксама: У Гродне абіраюць слоган для аднаго з раёнаў. Прапановы вам спадабаюцца
Шталаг 324 у Гродне — былы лагер ваеннапалонных плошчай 50 га, піша Urban Hrodna. Там паводле архіваў загінулі або былі расстраляныя больш за 15 тыс. ваеннапалонных і мірных жыхароў [паводле іншых звестак — 14−18 тыс. чал. - Hrodna.life]. Лагер існаваў з 1941 па 1943 гг. Агулам праз яго прайшлі блізу 36 тыс. человек.
У 1968 г. на месцы лагера на вул. Соламавай усталявалі стэлу. Блізу яе ў брацкіх магілах хавалі парэшткі забітых, знойдзеныя ў час будаўнічых прац у былой вайсковай частцы.
Праект ужо быў
Праект мемарыялу на месцы былога канцлагера ўжо прэзентавалі ў 2019 годзе. Тады планавалася, што плошча будучага мемарыяльнага комплексу складзе 2,5 гектары. Праект распрацавалі ў студыі дызайну «3D Plus» пад кіраўніцтвам Ігара Мазалевіча.
На тэрыторыі мемарыяла збіраліся размясціць інсталяцыю канцлагера з трыма зямлянкамі і вагонам, на якім сюды прывозілі палонных. Асобную экспазіцыю хацелі прысвяціць спаленым вёскам Гродзенскай вобласці: тут будзе сабрана ўся інфармацыя пра іх і размесціцца «Звон памяці». У комплексе меў працаваць адзін або некалькі святлодыёдных экранаў, а па перыметры мемарыяла хацелі пракласці экскурсійнае аудыёсуправаджэенне на сямі мовах.
Таксама ў комплексе павінны была быць выяўлена назва лагера вялікімі літарамі, зроблены лабірынт з пліт з фотаматэрыяламі пра аднаўленне гарадоў пасля вайны, у лабірынце збіраліся зрабіць крыніцу як напамін, што ў колішнім лагеры не хапала пітнай вады. Таксама там мусілі размясціць пліту з імёнамі палонных і скамейкі, збудаваць царкву, якую маглі б наведваць жыхары Фолюша.
У цэнтры экспазіцыі мусіла з’явіцца стылізаваная яма накшталт тых, дзе ўтрымлівалі ваеннапалонных, з вечным агнём і фігурамі людзей са ўзнятымі ў адчаі рукамі вакол. Чатыры пліты з сімваламі праваслаўя, каталіцызму, юдаізму і мусульманства мусілі нагадваць пра ахвяр, якія належылі да розных канфесій. Элементы комплекса і нават дрэвы збіраліся падсвяціць, па дарозе ад уваходу асвятленне мусіла змяняцца ад светлага да пунсовага.
Распрацаваць такі праект прапанавалі ветэраны, а гарадскія ўлады падтрымалі ідэю. Першую частку комплексу хацелі адкрыць 9 траўня 2020 года, да 75-годдзя з Дня Перамогі, пісаў «Вячэрні Гродна».
Чытайце таксама: У памяць аб забітых у Гродзенскай турме ўсталююць мемарыяльную шыльду. Пракуратура кажа, што там забівалі немцы і нацыяналісты