Кіраўніком упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама прызначылі Дзяніса Конана. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс». Канал называе чыноўніка «галоўным архітэктарам» горада, але гэта не зусім правільна.
Што вядома пра Конана
Дзяніс Конан скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Працаваў у Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадарцы. У 2020 годзе быў кіраўніком аддзела тэхнічнага нагляду. З 2021 года займаў пасаду кіраўніка аддзела добраўпарадкавання.
Да Конана кіраўніком упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва больш за два гады быў Дзмітрый Сініца.
Пасады «галоўны архітэктар» у Гродне больш не існуе
У 2020 годзе замест аддзела архітэктуры і горадабаўніцтва стварылі аб’яднанае ўпраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва. Тады ж скасавалі пасаду галоўнага архітэктара.
У размовах з Hrodna.life гродзенскія архітэктары тады крытычна ацэньвалі гэтую ініцыятыву гарвыканкама. Яны тлумачылі, што проста будаўніцтва і горадабудаўніцтва — розныя сферы дзейнасці, а ў будаўнікоў і архітэктараў, фактычна, розныя «мовы» працы.
Чытайце таксама: У Гродне прыбралі пасаду галоўнага архітэктара. Як гэта паўплывае на горад