5 студзеня ў турме №1 Гродна памёр Руслан Карчаўлі. Па словах блізкіх, яго змясцілі ў СІЗА “за марыхуану” – верагодна, па арт.328 КК. Ён памёр пасля перанесенай пнеўманіі.
“Пайшоў з жыцця наступны гарадзенскі нефармал. Руслан “Руслапас” Карчаўлі. Памёр у гарадзенскай турме. Узялі і пасадзілі за марыхуану. Не зрабілі добрага агляду. Памёр ад пнеўманіі. Руслан рабіў для гурта “Кальян” вокладку да альбома “Б.Н.” (1999). Свелая памяць! Спі спакойна, Руслан!” – напісаў гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў.
“Аднакласнік мой…. Вельмі таленавіты. Ён заўсёды маляваў. На занятках, на перапынках. Валадарства Божае”, – успамінаюць яго ў каментарах да паста.
Таксама Руслан рабіў лога для групы WAKE UP і фота – для групы “Раса Мечтателей”.


Карчаулі было 50 гадоў. Калі менавіта Руслана заключылі пад варту, Hrodna.life даведацца не ўдалося. Апошні пост у яго акаўнце ў Instagram быў зроблены 23 кастрычніка 2022 года. Руслан наведваў канцэрты і падтрымліваў мясцовую сцэну.
“5 студзеня Руслан раптоўна памёр”, – напісалі на яго старонцы ў Facebook блізкія. Пахаванне адбылося 7 студзеня. Развітанне прайшло ў зале судмедэкспертызы каля могілак на Касманаўтаў. Для жадаючых развітацца арганізавалі аўтобус.



