У Гродне плануюць адкрыць новы рэстаран KFC. Яго хочуць размясціць на скрыжыванні вуліц Гарнавых і Савецкіх пагранічнікаў. Гэта будзе першы самастойны рэстаран гэтага брэнда, бо папярэднія адкрывалі ў гандлёвых цэнтрах. Інфармацыю апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама.
Новы рэстаран плошчай 212 кв.м будзе разлічаны на 45 пасадачных месцаў. Зрабіць замову можна будзе таксама з аўтамабіля. Тэрыторыю вакол рэстарана добраўпарадкуюць: арганізуюць тратуары, паркоўку на дзвяць аўтамабіляў, пляцоўку для смецця.
Участак пад рэстаран прадалі з аўкцыёна
Участак пад будаўніцтва прадалі з аўкцыёна ў красавіку 2022 года. Пакупнік заплаціў за ўчастак 39,9 тыс. рублёў. Дадатковыя выдаткі - 15,2 тыс. за знос тратуара, дрэваў і вулічных ліхтароў, якія трэба аплаціць гарадской ЖКГ.
Спачатку адбудуцца грамадскія абмеркаванні
Перад пачаткам будаўніцтва адбудуцца грамадскія абмеркаванні. Яны пачнуцца 14 студзеня і скончацца 7 лютага 2023. Свае заўвагі і прапановы можна накіраваць у пісьмовай альбо электроннай форме.
Азнаёміцца з праектам можна з 14 па 28 студзеня 2023 года ў вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама на плошчы Антонія Тызенгаўза, 3.
Прэзентацыя праекта адбудзецца 26 студзеня 2023 года ў 15:00 у кабінеце № 1 будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама на плошчы Антонія Тызенгаўза, 3.
Куды адпраўляць заўвагі і прапановы
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, плошча Леніна, 2/1, 230 023, Гродна. Альбо на электронную пошту.
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры, і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, плошча Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, Гродна. Альбо на электронную пошту.
- Праз сэрвіс «Электронныя звароты» на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама.
Што на гэтым месцы было раней
У савецкія часы скрыжаванне было цэнтрам жыцця занёманскай часткі горада. У народзе яго называлі «П'яны кут», бо тут былі папулярныя кропкі па продажы піва і гарэлкі.
Яшчэ ў пачатку 2000-х на ўчастку, дзе плануецца будаўніцтва KFC, стаяў драўляны чырвоны дом, дзе знаходзілася адна з гродзенскіх музычных школаў. Потым будынак знеслі.