Новыя дамы пачнуць будаваць у раёне вуліц Кабяка, Хімікаў і Паўднёвай у 2024 годзе. Але мясцовыя жыхары супраць. На прэзентацыі праекта ў гарвыканкаме яны прапанавалі сваё бачанне развіцця квартала, паведаміў «Вячэрні Гродна».
Праект ушчыльнення раёна прэзентавалі 17 снежня 2022 года ва ўпраўленні архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Згодна з ім, на пустыры сярод раёна з’явяцца тры дамы 8−10 паверхаў на 336 кватэр або каля 900 жыхароў.
Мясцовыя жыхары кажуць, што раней на гэтым месцы было возера. На іх думку, новыя дамы могуць праз гэта «паплыць». Таксама гэта можа здарыцца таму, што пляцоўка пад забудову — у нізіне. Маўляў, пасля кожнага дажджу там стаіць вялікая лужына, таму ў будучыні ўся вада будзе сыходзіць у сутарэнні дамоў.
Прадстаўнік ААТ «Гроднажылбуд» адказаў на гэта, што яшчэ на стадыі праектавання выканаюць ўсе абаронныя гідралагічныя працы.
Жыхары заклікаюць падумаць, што будзе ў грамадскім транспарце, калі сюды пераедуць яшчэ больш за 300 сем’яў. З іх словаў, ужо зараз упіхнуцца ў транспарт бывае праблематычна.
«Зараз з вокнаў свайго дзіцячага пакою я бачу поле, а буду разглядаць вокны суседзяў. Акрамя гэтага, плануецца 366 парковачных месцаў. А зараз уявіце, як сапсуецца паветра, калі гэтыя машыны завядуцца і пачнуць прагравацца?» — сказаў на прэзентацыі мясцовы жыхар Сяргей. Ён лічыць, што і без таго раён ужо цеснаваты.
Мясцовыя жыхары, якія прыйшлі на прэзентацыю, лічаць, што «не варта туды лезці». Лепш высадзіць дрэвы і разбіць сквер альбо парк. Яны ўжо накіравалі калектыўны ліст у Гродзенскі гарвыканкам, упраўленне архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва, а таксама ў гарадскі Савет дэпутатаў. Ліст падпісалі 360 чалавек.
Адна з мясцовых жыхарак ужо зрабіла эскіз будучага сквера. Яна прапануе стварыць тратуары, высадзіць дрэвы, якія будуць збіраць вільгаць, усталяваць лавы, дзіцячую пляцоўку з турнікамі і стварыць зону для дрэсіроўкі сабак. Таксама ёсць прапанова ўсталяваць сценкі для графіці, невялікую сцэну, столікі для шахмат, гамакі і батуты.
Жанчына таксама прапаноўвае паставіць невялікія павільёны, якія можна здаваць у арэнду пад гандаль гароднінай, таварамі ручной працы альбо кветкамі. На яе думку, гэта дазволіць прыцягнуць патэнцыйнага інвестара.
Існуючыя зялёныя зоны ў Гродне не добраўпарадкаваныя і не падыходзяць для прагулак гараджан, лічаць горадабудаўнікі. 85% такіх зонаў горада — лясы, толькі 37% азелянённых тэрыторый добраўпарадкаваныя.
Зараз у Гродне на чалавека прыходзіцца амаль у 10 разоў менш за норму азелянённых тэрыторый раённага значэння і ў 2,3 разы — агульнагарадскіх зялёных тэрыторый.
Чытайце таксама: «Не засаджваць горад лесам, а добраўпарадкаваць тое, што ёсць». Як будуць азеляняць Гродна да 2030 года
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…