Новыя дамы пачнуць будаваць у раёне вуліц Кабяка, Хімікаў і Паўднёвай у 2024 годзе. Але мясцовыя жыхары супраць. На прэзентацыі праекта ў гарвыканкаме яны прапанавалі сваё бачанне развіцця квартала, паведаміў «Вячэрні Гродна».

вишневец-4
Так будуць выглядаць новыя дамы ў мікрараёне Вішнявец-4. Крыніца: Urban Hrodna

Праект ушчыльнення раёна прэзентавалі 17 снежня 2022 года ва ўпраўленні архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Згодна з ім, на пустыры сярод раёна з’явяцца тры дамы 8−10 паверхаў на 336 кватэр або каля 900 жыхароў.

вишневец-4
Так будуць выглядаць новыя дамы ў мікрараёне Вішнявец-4. Крыніца: Urban Hrodna

Прычына супраць № 1: дамы «паплывуць»

Мясцовыя жыхары кажуць, што раней на гэтым месцы было возера. На іх думку, новыя дамы могуць праз гэта «паплыць». Таксама гэта можа здарыцца таму, што пляцоўка пад забудову — у нізіне. Маўляў, пасля кожнага дажджу там стаіць вялікая лужына, таму ў будучыні ўся вада будзе сыходзіць у сутарэнні дамоў.

Прадстаўнік ААТ «Гроднажылбуд» адказаў на гэта, што яшчэ на стадыі праектавання выканаюць ўсе абаронныя гідралагічныя працы.

Прычына супраць № 2: транспартная праблема пагоршыцца

Жыхары заклікаюць падумаць, што будзе ў грамадскім транспарце, калі сюды пераедуць яшчэ больш за 300 сем’яў. З іх словаў, ужо зараз упіхнуцца ў транспарт бывае праблематычна.

Прычына супраць № 3: будзе цесна і нязручна

«Зараз з вокнаў свайго дзіцячага пакою я бачу поле, а буду разглядаць вокны суседзяў. Акрамя гэтага, плануецца 366 парковачных месцаў. А зараз уявіце, як сапсуецца паветра, калі гэтыя машыны завядуцца і пачнуць прагравацца?» — сказаў на прэзентацыі мясцовы жыхар Сяргей. Ён лічыць, што і без таго раён ужо цеснаваты.

вишневец-4
Размяшчэнне будоўлі ў мікрараёне Вішнявец-4. Крыніца: Urban Hrodna

Мясцовыя жыхары: нам патрэбны парк

Мясцовыя жыхары, якія прыйшлі на прэзентацыю, лічаць, што «не варта туды лезці». Лепш высадзіць дрэвы і разбіць сквер альбо парк. Яны ўжо накіравалі калектыўны ліст у Гродзенскі гарвыканкам, упраўленне архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва, а таксама ў гарадскі Савет дэпутатаў. Ліст падпісалі 360 чалавек.

Адна з мясцовых жыхарак ужо зрабіла эскіз будучага сквера. Яна прапануе стварыць тратуары, высадзіць дрэвы, якія будуць збіраць вільгаць, усталяваць лавы, дзіцячую пляцоўку з турнікамі і стварыць зону для дрэсіроўкі сабак. Таксама ёсць прапанова ўсталяваць сценкі для графіці, невялікую сцэну, столікі для шахмат, гамакі і батуты.

Жанчына таксама прапаноўвае паставіць невялікія павільёны, якія можна здаваць у арэнду пад гандаль гароднінай, таварамі ручной працы альбо кветкамі. На яе думку, гэта дазволіць прыцягнуць патэнцыйнага інвестара.

Ці хапае сёння зялёных зон у горадзе

Існуючыя зялёныя зоны ў Гродне не добраўпарадкаваныя і не падыходзяць для прагулак гараджан, лічаць горадабудаўнікі. 85% такіх зонаў горада — лясы, толькі 37% азелянённых тэрыторый добраўпарадкаваныя.

Зараз у Гродне на чалавека прыходзіцца амаль у 10 разоў менш за норму азелянённых тэрыторый раённага значэння і ў 2,3 разы — агульнагарадскіх зялёных тэрыторый.

Чытайце таксама: «Не засаджваць горад лесам, а добраўпарадкаваць тое, што ёсць». Як будуць азеляняць Гродна да 2030 года