Польскаму ксяндзу Юзафу Гэнзе не працягнулі дазвол на служэнне ў Гродне. Ён развітаўся з вернікамі ў касцёле на Дзевятоўцы 27 снежня 2022 года. Там ён служыў больш за 20 гадоў, паведаміў Telegram-канал «Хрысціянская візія». Ксёндз будзе вымушаны пакінуць Беларусь.
У Гэнзы ёсць пачуццё гумару
«Калі яго праваджалі, амаль усе сказалі ў словах падзякі пра яго пачуццё гумару. А айцы-рэдэмптарысты [яны пабудавалі і апякуюцца касцёлам на Дзевятоўцы, Гэнза — таксама рэдэмптарыст — Hrodna.life] пажартавалі і сказалі, што ласкава паміж сабой называлі яго «дзядуля», — распавяла чытачка Hrodna.life, якая наведвае гэты касцёл.
Паводле словаў дзяўчыны, пасля кожнага слова падзякі, людзі пляскалі ў ладкі стоячы, а шмат хто плакаў. Імшу вёў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, які таксама вельмі дзякаваў Юзафу Гэнзе. «Усе вернікі казалі, што гэта быў вельмі добры час, калі ён тут служыў».
Дзе будзе далей служыць Гэнза
Ксёндз Юзаф Гэнза паедзе служыць у Торунь (Польшча). Там таксама працуюць айцы-рэдэмптарысты. «Усе казалі, што будуць памятаць яго ў малітве, а айцы абяцалі наведваць яго ў Торуні».
Служыў у Гродне 25 гадоў
У Гродне Гэнза служыў з 1997 года. Але афіцыйны дазвол на служэнне ён атрымаў толькі ў 1999 годзе. З таго часу ён працаваў у прыходзе ў гродзенскім мікрараёне Дзевятоўка. Гэта адна з самых вялікіх парафій у Беларусі. Акрамя гэтага ў розныя часы ён быў рэктарам пабрыгідскага касцёла, капеланам сясцёр назарэтанак і настаяцелем айцоў рэдэмптарыстаў у Беларусі.
Пры ім пабудавалі касцёл на Дзевятоўцы
У 2020 годзе ён святкаваў 50 год святарскай службы. Пры ім пабудавалі касцёл на Дзевятоўцы, таксама яго часта запрашалі ў суседнюю польскую школу на ўрачыстыя лінейкі і Калядныя сустрэчы. Навучэнцы з Дзевятоўкі хадзілі да Юзафа Гэнзы спачатку ў капліцу, а потым у касцёл на заняткі па катэхізісе.
Таксама пры Юзафе Гэнзе ў касцёле на Дзевятоўцы стварылі самую вялікую батлейку ў Беларусі. Яе памеры — 5,5 метраў у даўжыню і 5 метраў у шырыню На ёй размешчаны больш за 100 лялек.
Супольнасць вернікаў на Дзевятоўцы — найбольш прагрэсіўная ў горадзе ў плане беларушчыны, сцвярджае «Хрысціянская візія». Тры з васьмі нядзельных службаў там адбываюцца на беларускай мове.
Гэта не першы падобны выпадак
У 2016 годзе пасля 25 гадоў служэння не працягнулі дазвол на працу ксяндзу Анджэю Стопыры. Ён быў настаяцелем касцёла ў Бярозаўцы (Лідскі раён). У 2019 годзе Віцебскага ксяндза Паўла Кнурека, выслалі з Беларусі пасля больш чым 15 гадоў службы.
У траўні 2022 года ксяндза з Пастаў Анджэя Бульчака пакаралі штрафам у 960 рублёў. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ён выехаў з Беларусі.