Існуючы будынак інтэрната РУП «Гроднаэнерга» збіраюцца разабраць з захаваннем падмурка адной са знешніх сценаў, піша канал Urban Hrodna. Новы будынак будзе Т-падобнай формы ў плане. Вышыня — тры-чатыры паверхі, са скатным дахам.
Цяперашні трохпавярховы будынак інтэрната збудаваны ў 1957 г. Ён мае прастакутную форму і месціцца на ўчастку 0,2221 га.
Яго памеры ў плане — 15×45 м. Убудаваныя памяшканні разлікова-даведачнага цэнтра філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» размешчаныя ў паўднёвай частцы будынка на першым і другім паверхах.
Паводле праекта, паўночная частка будынка, да якой немагчыма забяспечыць пад’езд пажарных машын, будзе трохпавярховай.
Пад часткай будынка прадугледжаны склеп глыбінёй 2,7 м для інжынерна-тэхнічных памяшканняў.
Убудаваныя памяшканні разлікова-даведачнага цэнтра размешчаны ў паўднёвай частцы будынка на першым і другім паверхах.
Паркоўкі
Генплан прадугледжвае ўладкаванне трох звычайных парковачных месцаў і адно для людзей з інваліднасцю. Прычына — сціснутыя горадабудаўнічыя умовы. Недахоп парковачных месцаў кампенсуюць за кошт грамадскай паркоўкі на супрацьлеглым баку вуліцы.
Велапаркоўку на 20 месцаў для жыхароў інтэрната прыбудуюць да сцяны будынка помпавай станцыі.
Добраўпарадкаванне і даступнасць
Ганак галоўнага ўваходу ў будынак абсталююць пад’ёмнікам для маламабільных групаў насельніцтва.
Паводле схемы генплана, на ўчастку будуць дзіцячая пляцоўка і пляцоўка для гаспадарчых мэтаў. Сам участак выбрукуюць бетоннай ходнікавай пліткай з магчымасцю заезду аўтатранспарту.
Камунікацыі
Будынак падключаецца да цэнтральных гарадскіх сетак водазабеспячэння, каналізацыі, электразабеспячэння, цеплазабеспячэння ад ЦЭЦ-2.
Праект прадугледжвае частковую перакладку вонкавай цепласеткі са зменай існуючай трасіроўкі. Сістэму ацяплення падключаць да яе па незалежнай схеме праз блочны цеплавы пункт завадскога вырабу.
У жылых памяшканнях інтэрната прадугледжана натуральная вентыляцыя. У разлікова-даведачным цэнтры зробяць адзіную мультысістэму кандыцыянавання. Яе знешнія блокі ўсталююць на пляцоўцы.
Якія варыянты рэканструкцыі распрацавалі
Мэтазгоднасць праекта складаецца ў стварэнні больш камфортных, бяспечных і сучасных умоў пражывання супрацоўнікаў «Гроднаэнерга» і ў падтрыманні будынка і інжынерных сетак у тэхнічна спраўным стане.
Перадпраектная дакументацыя прадугледжвала два варыянты рэалізацыі:
- будаўніцтва 4-х павярховага будынка, дзе 4-ы паверх мансардны (двухпакаёвых блокаў - 10, аднапакаёвых блокаў - 28, умяшчальнасць для пражывання — 96 чалавек);
- будаўніцтва 3-х павярховага будынка (двухпакаёвых блокаў - 7, аднапакаёвых блокаў - 22, умяшчальнасць для пражывання — 72 чалавекі).
Таксама магчыма была поўная адмова ад рэалізацыі праекта. На працоўнай нарадзе 25 сакавіка 2022 замоўца прыняў прыярытэтным другі варыянт — будаўніцтва 3-х павярховага будынка.
Інтэрнат размешчаны на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт» і ў водаахоўнай зоне ракі Гараднічанка.
Мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка (зямлі пад забудовай) зменяць на «для будаўніцтва і абслугоўвання будынка інтэрната з аб’ектамі абслугоўвання». Плошча забудовы інтэрната на наяўным зямельным участку павялічыцца.
Тэрміны грамадскага абмеркавання
Грамадскія абмеркаванні ацэнкі ўплыву будоўлі на навакольнае асяроддзе (АУНА) пройдуць у перыяд з 3 студзеня да 3 сакавіка 2023.
Сход па абмеркаванні АУНА правядуць з 3 студзеня па 26 лютага 2023.
Рашэнне аб запланаванай дзейнасці прымуць да 3 красавіка 2023.
Чытайце таксама: