Чарга ў пункце пропуску «Прывалка» («Райгардас») для легкавых аўто расцягнулася на 14 гадзін. Раней праз гэты пункт кіроўцы часта аб’язджалі, каб патрапіць у Польшчу без шматгадзіннага чакання. Перад Калядамі сітуацыя змянілася.
«Калі перад шлагбаўмам у чарзе стаяў, былі момант, што рухаліся нейкі час толькі фуры, пасля было тое самае. Такое адчуванне, што 1 чалавек ўсе гэтыя калідоры абслугоўвае. Спачатку фуры, потым легкавікі», — расказаў чытач Hrodna.life.
«Прывалка сёння поўны атас!!! 10 гадзін стаім і нават беларус пашпартны яшчэ не прайшлі», — апісаў сітуацыю ўдзельнік чата «Граніца BY».
«У 03:00 прыехалі на Прывалку з РБ, было 37 машын, у 07:20 заехалі ў пункт афармлення, перад намі было 14 машын, першы раз чарга зрушылася толькі ў 10:30», — піша другі ўдзельнік чата. Агулам перасячэнне мяжы ў яго заняла 14 гадзін.
У іншы бок сітуацыя не лепшая: «На Прывалцы, уезд у РБ вееельмі шмат машын чакае ўезду, пры гэтым унутры пуста, проста не запускаюць», — сведчыць адзін з кіроўцаў.
Паводле звестак з чата мяжы (на 15:39 23 снежня), чэргі на ў'езд для легкавых аўто ў Беларусь былі такія:
- Баброўнікі - каля 290;
- Цярэспаль — каля 380 (чарга пастаянна расце);
- Райгардас — каля 140;
- Шальчынінкай — каля 100.
Выезду чакаюць амаль 5 тысяч грузавых аўто
Паводле чата мяжы, чэргі для легкавікоў на выезд з Беларусі на 15:44 былі быццам не такія і вялікія:
- Бераставіца: машын у зоне чакання — 0, праехала за гадзіну — 18,
- Брэст: машын у зоне чакання — 62, праехала за гадзіну: — 30,
- Беняконі: машын у зоне чакання — 0, праехала за гадзіну — 9,
- Прывалка: машын у чарзе — 2.
Паводле сайта беларускага Дзяржпагранкамітэта, а 18:00 23 снежня ў Прывалцы на выезд з Беларусі стаяла 0 легкавых (а 16:00 было больш за 10) і больш за 320 грузавых аўто. Беняконі - 0 легкавых, больш за 830 грузавых, Лоша — больш за 10 (было больш за 30) легкавых, Каменны Лог — 0 (было больш за 20) легкавых і больш за 990 (было больш за 1000) грузавых; Відзы — больш за 190, а Катлоўка — больш за 410 грузавых.
У Бераставіцы ў зоне чакання па электроннай чарзе 0 легкавых і больш за 750 грузавых аўто, у Брэсце — больш за 50 (а 16:00 было больш за 200) легкавых ў электроннай чарзе, у Казловічах — больш за 600 грузавых машын.
Выезду ў Латвію чакаюць толькі грузавыя аўто — агулам больш за 710 (а 16:00 было больш за 860).
Раней Літва была вырашэннем
Чэргі на беларускай мяжы ў абодва бакі асабліва востра адчуваюцца апошнія некалькі месяцаў. Раней на літоўскіх пунктах пропуску чэргі былі заўважна меншыя, чым на польскіх. Гэтым карысталіся многія кіроўцы, якім трэба было патрапіць у Польшчу. Нават некаторыя маршруткі ехалі з Гродна ў Беласток праз Друскенікі: розніца ў адлегласці кампенсавалася эканоміяй часу ў чарзе. У дні, калі праход мяжы праз пункт пропуску «Бераставіца» для рэйсавага аўтобуса займаў 9−15 гадзін, праз «Прывалку» можна было праехаць за 1−3 гадзіны.
Чытайце таксама: