Будаўніцтва яшчэ адной АЭС ці трэцяга блока для існуючай патрэбна для павышэння энергетычнай незалежнасці краіны на фоне росту электраспажывання, патлумачыў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч для БелТА.
Сярод кірункаў выкарыстання электраэнергіі ён назваў энергаёмістыя вытворчасці, развіццё электратранспарту, выкарыстанне электрычнасці для ацяплення. БелАЭС збіраліся выкарыстоўваць нават для майнінгу крыптавалюты. Усе пытанні магчымасці і неабходнасці будаўніцтва трэцяга энергаблока або другой станцыі будуць увязваць з попытам на электраэнергію ў Беларусі, адзначыў міністр.
Зараз яшчэ не падлучаны другі энергаблок БелАЭС. Яго гатоўнасць складае 97%. Там працягваюцца тэхналагічныя пусканаладачныя работы. Энергетычны пуск і падлучэнне блока да энергасістэмы запланаваны на першы квартал 2023 года, распавёў Віктар Каранкевіч. Планавалася, што пасля запуску другога энергаблока ў год станцыя будзе вырабляць каля 18 млрд кВтч электраэнергіі. Цяпер БелАЭС выпрацоўвае 22% ад агульнага аб’ёму электраэнэргіі ў Беларусі. З уводам другога энергаблока яна будзе выпрацоўваць 40%.
Першы энергаблок БелАЭС цяпер працуе на намінальнай магутнасці. З моманту ўключэння ў сетку (3 лістапада 2020 года) ён выпрацаваў 10,4 млрд кВт/г электраэнергіі.
Станцыя прастойвала палову часу
Завяршэнне будаўніцтва і поўны ўвод БелАЭС магутнасцю 2,4 тысячы МВт прадугледжвалі у 2019−2020 гадах. Урачыста адкрылі станцыю 7 лістапада 2020 года. Але ўжо 8 лістапада яна перастала выпрацоўваць электрычнасць з-за выбуху двух трансфарматараў. Усяго за два гады працы станцыя была ў прастаі амаль палову ўсяго часу, падлічыла Zerkalo. Прыпынкі ў працы не зніклі нават пасля вываду энергаблока на поўную магутнасць у студзені 2021 года і ўводу яго ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года.
За першы год працы станцыю адключалі ад сеткі восем разоў, самы доўгі прастой працягваўся 84 дні, распавядаў расейскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі. Яшчэ адной магчымай прычынай частых прастояў ён назваў эканамічную. Беларусь добра сябе адчувае і без гэтай электрастанцыі, і ўвод такога вялізнага аб’екта для невялікай эканомікі неабгрунтаваны, адзначаў ён.
25 красавіка ад імя работнікаў БелАЭС на сайце станцыі з’явілася паведамленне аб тым, што на працягу ўсёй будоўлі на аб’екце адбываліся аварыі і паломкі, сістэмы не адладжаныя да канца, гэта выклікае пастаянныя праблемы ў абсталявання, а рамонтныя работы праходзяць у небяспечных умовах. У Мінэнерга тады заявілі, што сайт узламаны, а інфармацыя ў паведамленні — фэйк.
Чытайце таксама: За ситуацией на Белорусской АЭС сейчас можно следить онлайн