Урбанізацыя — гэта працэс перамяшчэння насельніцтва з вёсак у гарады. Прынамсі, так напісана ў школьных падручніках. Аднак некаторыя даследчыкі маюць іншае меркаванне. Сярод іх госць падкаста «Утульны горад» — урбаніст і сацыёлаг, Сяргей Любімаў. Вядучая пагаварыла з ім аб тым, ці памірае беларуская вёска, чаму ўрбанізацыя — гэта не толькі пра гарады, і пры чым тут глабальны падзел працы.
Слухайце ў падкасце «Утульны горад» або чытайце ў вялікім скарачэнні ніжэй.
Чаму падручнікі не маюць рацыі?
Замест стандартнага азначэння панятка «ўрбанізцыя» як працэса масавага перасялення з вёсак у гарады, Сяргей Любімаў прапануе разглядаць урбанізацыю з пункту гледжання шчыльнасці насельніцтва. На думку Сяргея, калі шчыльнасць насельніцтва дасягае такіх маштабаў, што становіцца магчымым падзел працы — можна весці размову пра ўрбанізацыю. То бок, урбанізацыя — гэта не працэс, які пачаўся з індустрыальнай рэвалюцыяй, а тое, што мае месца столькі, колькі існуе цывілізацыя.
Усю гісторыю чалавецтва мы назіраем кааперацыю людзей і тое, як людзі падзяляюць працу. Зараз мы знаходзімся яшчэ ў такой сітуацыі, калі падзел працы разглядаюць у межах нацыянальных дзяржаў, але гэты падыход крыху саступае глабальнаму падзелу працы. У сучасным свеце існуюць усім вядомыя цэнтры развіцця тэхналогій, цэнтры мастацтва, цэнтры вытворчасці і гэтак далей. Гэта мае прамое дачыненне да працэсаў урбанізацыі: міграцыя людзей болей не столькі абумоўлена іх прыналежнасцю да канкрэтнай дзяржавы, колькі тым відам заняткаў, які для іх цікавы.
У некаторай ступені гэта мы можам назіраць і ў Беларусі. Калі мы ўявім сабе чалавека, які марыць працаваць на вытворчасці згушчонага малака, то яму трэба будзе перасяляцца не з вёскі ў малы горад, з малога горада ў вялікі, а з вялікага горада ў сталіцы (як прапісваюць яму законы ўрбанізацыі), а з роднага населенага пункта ў Рагачоў ці Глыбокае, бо толькі ў гэтых гарадах Беларусі выпускаюць згушчонку.
Рост насельніцтва гарадоў
У Гродзенскай вобласці працэнт гарадскога насельніцтва вырас з 17,1% у 1940 годзе да 76% у 2021. Падаецца, што гэта занадта хуткі і маштабны працэс. Аднак Сяргей Любімаў кажа, што такая сітуацыя — тыповая для нашага рэгіёна.
Наша рэгіянальнае адрозненне — гэта тое, што людзі, пераязджаючы з вёсак у гарады, страчвалі сваю мову. Сам той факт, што людзі пры пераездзе адаптуюцца да новых умоў - гэта цалкам нармальна. Але менавіта адбіткам сталінскіх рэпрэсій, калі была знішчана значная частка нацыянальнай інтэлігенцыі, стала пытанне беларускай мовы ў гарадах — яна была не толькі паказчыкам «неадукаванасці», але нават і фактарам рызыкі.
Тая ж драматычная гісторыя, якая была паказана ў фільме «Белыя Росы», калі вёску далучаюць да горада, — таксама тыповая сітуацыя для нашага рэгіёна. У літоўскім горадзе Вісагінас на месцы хутара пабудавалі атамную электрастанцыю. Жанчыны, сям’я якіх гадамі жыла на гэтым месцы, атрымалі кватэры ў шматпавярховіку прыблізна на тым жа месцы, дзе быў іх хутар.
Чытайце таксама:
- «Не будзе гэтых дамоў і не будзе „Белых рос“». На Дзевятоўцы зносяць апошнія дамы легендарнай вёскі
- «Паспець да панядзелка». Як жыхары былой вёскі Дзевятоўка рыхтуюцца да зносу
Сяргей Любімаў сцвярджае, што такія вялікія мадэрновыя праекты як урбанізацыя менавіта так і мусяць разглядацца: з пункту гледжання людзей, якія праз тыя тэктанічныя зрухі ў сацыяльным развіцці перажываюць свае асабістыя драмы.