Кнігу, прысвечаную шляхецкім сядзібам Свіслацкага і Слонімскага раёнаў прэзентавалі 8 снежня ў Новым замку ў Гродне. Яна выйшла накладам усяго 500 экземпляраў, з чаго траціна ўжо прададзеная.
Кніга стала вынікам даследаванняў, якія аўтар праводзіў з 1990-х гадоў. Навуковец, доктар біялагічных навук, Анатоль Федарук асабіста пабываў у многіх апісаных ім сядзібах, даследаваў іх перадусім с пункту гледжання садова-паркавага мастацтва, выдатна ведаў існуючую літаратуру, вёў пошукі ў архівах.
— Анатоль Тарасавіч Федарук — галоўны спецыяліст па гісторыі паркаў, сядзіб, размешчаных на тэрыторыі Беларусі. На працягу ўсяго свайго жыцця ён апісваў паркі і сядзібы Брэсцкай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Як аказалася, на тэрыторыі Гродзенскага рэгіёну самая вялікая колькасць сядзіб і паркаў. Таму вялікая праца па гісторыі сядзіб гэтага краю апублікавана ў некалькіх тамах, а не ў адным, як у астатніх выпадках, — расказала ў час прэзентацыі навуковая рэдактарка кнігі, кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Вольга Папко.
Пра аўтара
Анатоль Тарасавіч Федарук памёр 11 жніўня 2022 года. Пачынаючы з 2013 года ён выдаў шэраг кніг, прысвечаных старадаўнім шляхецкім сядзібам Гродзенскай вобласці. Першай выйшла кніга прысвечаная выключна Карэліцкаму раёну, другой — Бераставіцкаму, Ваўкавыскаму, Воранаўскаму, Гродзенскаму, Дзятлаўскаму, Зельвенскаму і Іўеўскаму раёнам. У 2020 годзе пасля доўгага перапынку, выкліканага хваробай, Анатоль Федарук выпусціў трэцюю кнігу. Яна была прысвечана сядзібам Лідскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Астравецкага і Ашмянскага раёнаў. Не трапілі ў кнігі Федарука яшчэ два раёны вобласці - Смаргонскі Шчучынскі. Але ў выдавецкага дома «Звязда» ёсць плану надрукаваць і пяты том акурат пра гэтыя мясціны.
Ілюстрацыі для чацвёртай кнігі дапамаглі знайсці фатографы, калекцыянеры, уласнікі сядзіб, музейныя і бібліятэчныя супрацоўнікі. Яны адгукнуліся на заклік аўтара і рэдактара кнігі. Дапамагала працаваць над рукапісам і архівам дачка аўтара Наталля Федарук.
Чацвёрты том выйшаў з друку ў кастрычніку 2022 накладам 500 экзэмпляраў. Больш за 160 ужо прададзена, паведамляе «Звязда». Цана кнігі - 67 рублёў. Неўзабаве кніга павінна з’явіцца ў крамах сеткі «Белкніга». У Гродне да гэтай сеткі адносяцца крамы «Светач» на Гарнавых, «Раніца» на Маставой, «Праметэй» на Савецкай, «Веды» на Ажэшкі, «Кругагляд» на БЛК і «Паўлінка» на Дзяржынскага.