На вуліцы Вялікай Траецкай хочуць пабудаваць двухпавярховы будынак, які будзе нагадваць той, што стаяў там у мінулым стагоддзі. Ужо анансаваныя грамадскія абмеркаванні праекта, паведаміў Гродзенскі гарвыканкам.
Новы будынак плошчай 500 кв.м. плануюць пабудаваць побач з адрэстаўраваным домам на Вялікай Траецкай, 57. Там хочуць размясціць адміністрацыйна-гандлёвыя памяшканні, месца для гаспадарчага абслугоўвання насельніцтва і грамадскага харчавання. Прылягаючую тэрыторыю плануюць добраўпарадкаваць, азеляніць і арганізаваць паркоўку. Акрамя гэтага, створаць пешаходныя сувязі з улікам існуючага размяшчэння і магчымага руху пешаходаў.
У будынку падключаць электразабеспячэнне, сувязь, водазабеспячэнне і каналізацыю. Цеплазабеспячэнне будзе аўтаномным.
Навошта будаваць на Вялікай Траецкай
Будынак на вуліцы Вялікая Траецкая патрэбны для аднаўлення гістарычнага выгляду вуліцы. Гэта прадугледжана дэтальным планам гістарычнага цэнтра Гродна да 2030 года. Таксама гэта ўцягне ў гаспадарчую дзейнасць незабудаваны ўчастак і гарантуе добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.
Тэрыторыю плошчай 10 сотак прадалі ў лістападзе 2021 года. Цана ўчастка склала 42,8 тыс. рублёў.
Калі адбудуцца грамадскія абмеркаванні
Грамадскія абмеркаванні па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе адбудуцца з 6 снежня 2022 па 6 лютага 2023 года.
Што было раней на гэтым месцы?
Яўрэйскі квартал пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай сінагогі. Да першай паловы 19 ст. гэта быў раён хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. З-за высокай шчыльнасці там часта здараліся пажары.
Самы моцны пажар адбыўся ў 1837 г. — згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў так і называлася — «Школьны двор». Затым, прыкладна з 1880-х, яе называлі «Рыбная плошча», а ў міжваенны час — «Мясны рынак». Месца дзе плануюць будаўніцтва, раней было часткай «Школьнага двара».
Чытайце таксама: