Арганізацыя Новага года ў Гродне падаражэла ў два разы. Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала дакументы, размешчаныя на сайце дзяржзакупак.
UPD 13 снежня. Таксама 14 000 рублёў выдаткуюць на шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак у Гродне. З іх – абслугоўванне LED экрана (3000 рублёў), абслугоўванне светлавога абсталявання (4000 рублёў), сцэнічны комплекс (7000 рублёў).
Мабільная сцэна з трапам на Савецкай плошчы будзе каштаваць 13 000 рублёў, асвятляльнае і гукавое абсталяванне – па 6000. Абслугоўванне LED экрана – 5000.
Гэта стала вядома з дзяржзакупкі, якую Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры праводзіць для святочных мерапрыемстваў да Новага года. Прастаіць абсталяванне з 30 снежня 2022 па 1 студзеня 2023 года.
Комплекс будзе памерам не менш за 10 на 12 метраў і вышынёй не менш за 1,2 м.

Для абагравання палаткі артыстаў замовяць цеплавыя гарматы.
Агульная сума закупкі – 30 000 рублёў. Фінансуе яе Гродзенскі гарвыканкам.
На ўпрыгажэнні – круглая сума
Яшчэ 426 000 рублёў вытрацяць на абслугоўванне святочных упрыгожванняў у Гродна. Закупку праводзіць Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Тэрмін пастаўкі – з 23 снежня па 22 сакавіка 2023 года.
А колькі было летась?
Усталяваць і абслужыць сцэну ў Гродне на Савецкай плошчы ў 2021 годзе каштавала 6000 рублёў. Светлавое абсталяванне каштавала 4000 рублёў, гукавое — 3500, LED-экран — 4000. Разам – 17 500 рублёў.
Акрамя таго, варта ўлічыць кошт абслугоўвання біяпрыбіральняў, мантаж навагодняй ілюмінацыі і навагодніх металаканструкцый – і дэмантаж. Яны ў дзяржзакупках гэтага года пакуль не адлюстраваныя.


