Падчас пандэміі колькасць замежных пацыентаў у Гродне знізілася, але з вяртаннем бязвізавага ўезду — павялічылася. Самыя папулярныя працэдуры — блефарапластыка, карэкцыя грудзей і інтымная пластыка. Пра гэта «Гродзенскай праўдзе» распавёў Сяргей Трусь, спецыяліст у галіне пластычнай і рэканструктыўнай мікрахірургіі, хірург вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, супрацоўнік Гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
Праз каранавірус былі праблемы з перасячэннем мяжы, і колькасць замежных пацыентаў зменшылася. Цяпер, асабліва з магчымасцю бязвізавага ўезду для жыхароў суседніх краін, зваротаў нават у параўнанні з дакавідным часам стала больш. Ёсць нават чарга на аперацыю.
Пластычныя аперацыі па эстэтычных паказаннях у БХМД выконваюцца апошнія шэсць гадоў. Яны дапамагаюць выглядаць молада, хораша, ліквідуюць прыроджаныя і набытыя дэфекты знешнасці. За год робяць каля тысячы аперацый, траціна з іх — «хірургія прыгажосці».
У рамках бязвізавага рэжыму ў 2019 годзе медыцынскія паслугі атрымалі 415 замежнікаў. Самымі папулярнымі былі паслугі стаматолагаў - за імі звярнуліся 288 турыстаў. З адкрыццём новага бязвізу з 15 красавіка замежнікаў сярод кліентаў не было, хоць да пандэміі яны прыязджалі часта, распавялі ў верасні 2022 года Hrodna.life уладальнікі двух прыватных гродзенскіх стаматалогій.
Самыя запатрабаваныя працэдуры
У БХМД выконваюць усе віды эстэтычных пластычных аперацый, акрамя рынапластыкі. Найбольш запатрабаванымі застаюцца:
- блефарапластыка (карэкцыя узроставых змяненняў века) і падцяжка твару,
- карэкцыя формы і памеру малочных залоз,
- пластыка вушных ракавін,
- хірургічная карэкцыя ўзроставых змяненняў пярэдняй брушной сценкі і канечнасцяў,
- контурная пластыка цела,
- інтымная пластыка.
Сярод пацыентаў Сяргея Труся — грамадзяне 15 краін. Спачатку гэта былі часцей былыя суайчыннікі, затым — замежнікі. «Лепшай рэкламай магчымасцяў пластычнай хірургіі, як і іншых дыягнастычных і лячэбных магчымасцяў нашай клінікі, з’яўляюцца задаволеныя пацыенты, „сарафаннае радыё“. У той жа час трэба аддаць належнае інфармацыйнай працы аддзялення платных паслуг», — лічыць Сяргей.
Вялікае значэнне, лічыць ён, маюць нізкія цэны па параўнанні з коштамі такіх паслуг за мяжой.
Платныя паслугі для замежнікаў аказваюць усе дзяржаўныя медустановы, а таксама прыватныя медцэнтры і стаматалогіі. У прыватных клініках кошты для беларусаў і замежнікаў аднолькавыя, у дзяржаўных — адрозніваюцца. Замежнікам — даражэй.
Не ўсе пацыенты дойдуць да аперацыі
Сярэдні ўзрост пацыентаў хірургіі прыгажосці - 40−50 гадоў. Большасць — жанчыны. Не ўсе, хто звяртаецца, могуць прайсці аперацыю. Пасля прызначанага абследавання часам выяўляюцца супрацьпаказанні, звязаныя са станам здароўя пацыента.
«Рызыкі ў эстэтычнай пластычнай аперацыі ёсць, як і ў любога іншага хірургічнага ўмяшання. Асабліва гэта тычыцца аперацыі на твары: да прыкладу, калі закрануць шматлікія нервы, можа быць парушаная міміка, — распавёў Сяргей. — Нават калі лекар ідэальна выканаў сваю працу, могуць быць наступствы, звязаныя з паводзінамі пацыента ў пасляаперацыйным перыядзе і з індывідуальнымі асаблівасцямі яго арганізма».