З-за нестыкоўкі расклада грамадскага транспарта гродзенцы не паспяваюць перасаджвацца з аднаго аўтобуса на другі. Прычына — на пераадоленне пантоннай пераправы праз Нёман сыходзіць шмат часу, паведаміла «Гродзенска праўда».
«Я езджу з Фолюша на вуліцу Дамброўскага. Да моста дабіраюся на аўтобусе № 7, потым пераходжу пантонную пераправу і далей перасаджваюся на аўтобус № 28. Калі быў адкрыты рух для пешаходаў па мосце, мы паспявалі на гэты аўтобус. Каб перайсці мост, патрабавалася 8−10 хвілін. Пасля таго, як збудавалі пантонны, нам неабходна хвілін 20, каб перабрацца на іншы бераг Нёмана», — сказала Святлана Цепун.
Расклад аўтобусаў не змянілі і ў пасажыраў ёсць 14 хвілін, каб паспець перасесці на іншы аўтобус. «Моладзь бяжыць і то не заўсёды паспявае, але не кожны ў такім узросце, каб бегаць».
Пантонная пераправа праз Нёман працуе з 8 лістапада. Яе праклалі ў раёне Новага моста, які закрылі на капітальны рамонт упершыню з часу адкрыцця ў 1971 годзе.
Што кажуць у тралейбусным упраўленні
«Зараз мы вядзем карэктыроўку расклада гарадскіх маршрутаў, якія едуць да моста па вуліцы Паповіча. У сувязі з гэтым, пакуль там размясцілі расклад транспарта на папяровых носьбітах, паколькі ён яшчэ не канчатковы», — сказала кіраўнічка аддзела арганізацыі гарадскіх аўтамабільных пасажырскіх перавозак «Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення» Святлана Ханевіч.
Ва ўпраўленні ўжо адкарэктавалі маршрут № 28. Зараз плануюць пераглядзець расклад руху аўтобуса № 7. У тралейбусным упраўленні, якое выконвае функцыі гарадскога аператара пасажырскіх перавозак, прымаюць і разглядаюць паступаючыя пажаданні і прапановы гараджан.
Акрамя гэтага, у тралейбуснае ўпраўленне звяртаюцца буйныя прадпрыемствы. Яны таксама просяць «падладзіць» ранішнія і вячэрнія рэйсы пад супрацоўнікаў. Каб яны паспявалі на працу.
Расклад карэктуюць не толькі з-за Новага моста
Зараз у тралейбусным упраўленні карэктуюць расклад транспарта, які ездзіць у раёне новага пуцеправода каля «Гродна Азот». Там дадалі новы прыпынак — «праспект Касманаўтаў», а таксама светлафор. З-за гэтага павялічыўся час руху грамадскага транспарта.