Гродзенцы занялі другое месца па веданні англійскай мовы пасля Мінска сярод абласных цэнтраў Беларусі. Гродзенская вобласць размясцілася на трэцім месцы пасля Мінскай і Брэсцкай. Міжнародная адукацыйная кампанія EF Education First правяла чарговае даследаванне аб тым, наколькі жыхары розных краін і гарадоў валодаюць англійскай мовай.
У даследаванні прыняла ўдзел 2,1 млн чалавек. Гэта жыхары 111 краін, за выключэннем тых, дзе англійская з’яўляецца асноўнай мовай.
Беларусь аднеслі да краін з «умераным», або сярэднім узроўнем валодання. Усяго было пяць катэгорый: вельмі высокі ўзровень валодання англійскай, высокі, сярэдні, нізкі і вельмі нізкі.
Сярэднесусветная адзнака за тэст сёлета была 502 балы.
Гродзенцы набралі 529 балаў (такі ўзровень ведаў у жыхароў Ганы з Заходняй Афрыкі). Іх апярэдзілі мінчукі з 541 баламі, наступныя паводле рэйтынгу — жыхары Брэста з 522 баламі, пасля ідуць Гомель (500) і Віцебск (477). Жыхары Гродзенскай вобласці набралі 524 балы (узровень Грузіі), адстаўшы ад Мінскай (546) і Брэсцкай абласцей (534), але апярэдзіўшы Гомельскую і Магілёўскую (па 508 балаў) і Віцебскую (495) вобласці.
Як ведаюць англійскую ў Беларусі параўнальна з іншымі краінамі
Беларусь атрымала 533 балы і заняла 39 пазіцыю ў рэйтынгу. У адну катэгорыю з Беларуссю трапілі такія краіны як Італія, Францыя, Іспанія, Украіна, Грузія, Албанія, Куба, Індыя, Уганда, В’етнам. Сярод еўрапейскіх краін Беларусь займае 28 месца з 35. За год краіна апусцілася на адну пазіцыю і 5 балаў.
Больш за ўсё балаў у даследаванні набралі Нідэрланды (661), на другім месцы аказаўся Сінгапур (642), наступная — Аўстрыя (628). У катэгорыю вельмі высокага ўзроўню валодання мовай трапілі 13 краінаў: краіны Скандынавіі, Бельгія, Партугалія, Нямеччына, Харватыя, Паўднёвая Афрыка і Польшча (600 балаў). Суседняя з Беларуссю Літва набрала 589 балаў (19 месца ў рэйтынгу), Латвія — 571 (25 месца), Украіна — 539 (35 месца), Расея — 530 балаў (40 месца).
Сярод тых, хто прынялі ўдзел у даследаванні, беларускія жанчыны набралі 540 бала, мужчыны — 526. Лепш за ўсё ведаюць англійская беларусы ва ўзросце ад 21 да 40 гадоў, яны трапляюць у сярэднюю катэгорыю валодання. Людзі старэйшыя за 41 ведаюць англійскую крыху горш, а вось моладзь ад 18 да 20 трапіла ў катэгорыю нізкага ўзроўню валодання мовай.
Чытайце таксама: