Пра парніковы эфект, глабальнае пацяпленне і вугляродныя выкіды ў апошнія гады кажуць шмат. Пра шведскую экаактывістку Грэту Тунберг таксама чуў ці не кожны. Але не ўсе разумеюць, як нашае штодзённае жыццё ўплывае на навакольнае асяроддзе. І наадварот — як глабальнае пацяпленне адбіваюцца на нашай штодзённасці. Аб тым, як беларускія гарады ўплываюць на клімат, і як клімат уплывае на беларускія гарады, у падкасце «Утульны горад» мы пагаварылі з эксперткай у вобласці кліматычнай палітыкі, адаптацыі да зменаў клімату і развіцця гарадоў Марыяй Фалалеевай.
Слухайце размову цалкам у падкасце або чытайце тэзісна і ў вялікім скароце ніжэй.
Заводы і гарадскі транспарт: як горад уплывае на глабальнае пацяпленне
CO2 — хімічная формула знаёмая нам са школьных год. Вуглякіслы газ, ён жа дыяксід вугляроду, — тое рэчыва, якое выдзяляецца пры спальванні выкапнога паліва. То бок і машыны на бензіне, і розныя прадпрыемствы вытворчасці выкідваюць шмат гэтага рэчыва. Вуглякіслы газ, трапіўшы ў атмасферу, назапашваецца там, і стварае нешта накшталт плёнкі ці экрану, якая накрывае зямны шар. Планета ператвараецца ў нешта накшталт вялікай цяпліцы, дзе тэмпература вышэй, чым на вуліцы. Гэты эфект і назвалі парніковым.
Слухайце таксама: Што такое зручны гарадскі транспарт і якія праблемы з ім у Гродне?
Паколькі найбольшая колькасць транспарту і прадпрыемстваў канцэнтруюцца менавіта ў горадзе, то гарады — гэта асноўная крыніца карбонавых выкідаў. З іншага ж боку менавіта ў горадзе жывуць людзі, якія ў стане гэтую бяду перамагчы.
Штармавыя вятры, экстрэмальныя снегапады, затапленні ад ліўняў і анамальная спёка. Як на Гродне адбіваюцца змены клімату?
Памятаеце, як у 2021 годзе некалькі разоў адкладалі адкрыццё Усходняга моста, які падмывала ліўнямі? Марыя Фалалеева лічыць, што віной гэтаму якраз кліматычная змена. Справа ў тым, што інжынеры і будаўнікі, якія праектавалі мост, рабілі гэта па старых нормах. Гэтыя самыя нормы ніяк не разлічаны на ліўневыя дажджы і навадненні, бо раней яны не былі ўласцівы для нашага рэгіёну.
У лютым 2021 года ў Гродне выпала рэкордная колькасць снегу, хаця Новы год гродзенцы адзначалі зусім без яго. З-за анамальнага снегападу камунальныя службы не спраўляліся з расчысткай дарог, парушыўся графік транспарту і ўвогуле сітуацыя на дарогах была даволі небяспечнай. У пачатку 2022 года гродзенцы сутыкнуліся з новай бядой: штармавымі вятрамі, з-за якіх падалі слупы і дрэвы, ламаліся платы і знікала электрычнасць.
Чытайце таксама: Улічаць шум і электратранспарт. У Гродне распрацуюць схему развіцця гарадскога транспарту на 2030 год
Марыя Фалалеева сцвярджае, што ўсе гэтыя анамальныя праявы — менавіта вынік змены клімату. Размеркаванне ападкаў становіцца нераўнамерным, таму зараз усё часцей сезоны ліўняў чаргуюцца з сезонамі засух. А ўсе праблемы, што ў камунальнай, што пасля ў сельскай гаспадарцы, адбываюцца з-за нашай непрыстасаванасці да гэтых новых умоў.
Што ж рабіць?
Для пачатку трэба прыняць, што пацяпленне і іншыя змены клімату непазбежныя. Мы не можам звярнуць гэты працэс назад, аднак мы можам яго запаволіць, каб павышэнне тэмператур не перабольшвала бяспечны ўзровень.
Прыўнясенне экалагічных звычак у сваё паўсядзённае жыццё — вось што можа зрабіць кожны з нас для гэтага.