Гродзенскі мясакамбінат у адказ на зварот юрыста Ігара Случака паабяцаў аформіць пакункі для сваёй прадукцыі з ужываннем беларускай мовы. «Без сумнення, даданне інфармацыі аб тавары на этыкетку на беларускай мове паспрыяла б павышэнню спажывецкай лаяльнасці і рэпутацыі прадпрыемства», — напісалі ў адказе. Пакуль усе вырабы аформлены па-руску.
«Для нас вельмі важна, каб прадукцыя ААТ „Гродзенскі мясакамбінат“ адпавядала не толькі нарматыўным і санітарным нормам, але і правам спажыўцоў», — адзначылі ў адказе, які Ігар Случак апублікаваў у сваім Facebook. На прадпрыемстве вырашылі ў 2022 годзе ўвесці этыкеткі «на рускай, беларускай і казахскай мовах».
Мясакамбінат паабяцаў дадаць беларускую мову на тры прадукты: «Крамлёўскую ялавічыну», «Хамон» і «Карпачо».
У звароце да прадпрыемства Ігар адзначаў неабходнасць дадаць на этыкеткі дзяржаўную мову — беларускую — у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, у тым ліку арт. 17 Канстытуцыі. Яе адсутнасць на этыкетках пазбаўляе беларусаў, для якіх беларуская мова з’яўляецца роднай і якія выкарыстоўваюць яе штодня, атрымліваць абавязковую інфармацыю аб тавары (склад, тэрмін прыдатнасці) на дзяржаўнай мове, якой яны карыстаюцца. Такім чынам грамадзяне Беларусі дыскрымінуецца па моўнай прыкмеце, а арт. 17 Канстытуцыі - парушаецца, звяртаў увагу юрыст. Ён прасіў мясакамбінат зрабіць абавязковую інфармацыю для спажыўцоў на пакунках на беларускай мове ці на беларускай і рускай адначасова.
Cасіскі ад Гродзенскага мясакамбіната ўпадабаў малы сын юрыста, Стэфан. «А калі ўжо набываем гэта, то яно павінна быць па-беларуску», — патлумачыў Случак у Facebook.
Чытайце таксама: Мяса на 18%, алкаголь на 16%. Што падаражэла, а што стала танней у Беларусі за год
Адказ прыйшоў у траўні, але і ў лістападзе журналісты Hrodna.life яшчэ не бачылі ў фірмовых крамах прадпрыемства ўпакоўкі прадукцыі па-беларуску.
Што рабіць, каб чытаць склад прадуктаў на сваёй мове
Ігар Случак дасылае вытворцам мноства зваротаў, каб беларуская мова з’яўлялася на пакунках. Паводле яго, за апошні год дадалі ці паабяцалі дадаць яе на сваю прадукцыю больш за 50 вытворцаў. Часам гэта адбываецца пасля першага звароту, часам патрэбна доўгае ліставанне з тлумачэннем заканадаўства, агульных нормаў права і Дзяржаўных стандартаў Беларусі (СТБ).
Большасць вытворцаў адказвае адмовай. Часам яны тлумачаць гэта адсутнасцю месца на ўпакоўцы, а часам проста не разумеюць абавязковасці нормаў заканадаўства, СТБ і значэнне статуса беларускай мовы.
Звычайна вытворцы найперш беларусізуюць прадукты, на якія заканчваецца запас наяўнай этыкеткі, патлумачыў Hrodna.life Ігар Случак.
Навошта беларуская мова на мясе?
Прадукты — гэта тое, што чалавек бачыць кожны дзень, зазначае Случак.
«А беларускую мову ў Беларусі сустрэнеш, нажаль, не кожны дзень. Калі чалавек бачыць мову на такіх рэчах, як прадукты, ён разумее, што беларуская мова не нейкая дэкаратыўная рэч, што падыходзіць толькі для музеяў і агулам культуры. Мова жыве найперш, калі яна паўнавартасны сродак камунікацыі і мова ў краме, штодзённая камунікацыя са спажыўцамі. Важна, каб любой камунікацыі па-беларуску было больш, бо беларуская мова і незалежнасць моцна звязаныя.
Беларуская мова, дзе б яна ні знаходзілася, паказвае, што Беларусь — незалежная краіна, а не частка іншай", — перакананы юрыст.
Не маўчыце пра свае жаданні
«Беларуская мова сама сабой нідзе не з’явіцца, — канстатуе Ігар Случак. — Па законе беларуская мова дзяржаўная, і гэта значыць, што яна па змоўчванні павінна быць паўсюль, ад адукацыі і да кожнай этыкеткі ў краме. Але заканадаўства не працуе, і ўсё залежыць ад людзей.
Калі вы хочаце бачыць больш беларускай мовы — не маўчыце пра сваё жаданне. Запаўняеце дакумент, які па-руску — напішыце зварот, каб ён з’явіўся і па-беларуску. Ідзеце на мерапрыемства — напішыце, каб на наступнае зрабілі афішу і квіткі па-беларуску. Карыстаецеся сайтам — напішыце, каб зрабілі версію на беларускай мове". Шаблоны падобных зваротаў можна знасці ў Telegram-боце t.me/sluchakbot. Зварот мусіць быць менавіта пісьмовым, тады на яго абавязаны будуць адказаць па сутнасці.
Чытайце таксама: