Палата прадстаўнікоў рыхтуецца прыняць у першым чытанні праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі». Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Сярод іншага, прапануюць унесці змены ў пытанні мовы навучання.
Збіраюцца змяніць артыкулы 21 і 22 закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», прысвечаныя мовам навучання ў школах, ВНУ і іншых установах адукацыі. Паводле новай рэдакцыі закона, у кожнага жыхара краіны застаецца яго неад’емнае права на атрыманне адукацыі «на беларускай і (або) рускай мовах». У ранейшай рэдакцыі было «на беларускай або рускай мовах».
«Канешне, можна ўявіць, што раней было «або», то бок адна мова выключала іншую, а зараз не абавязкова адна мова будзе выключаць іншую. Гэта магло б быць і ў лепшы бок і ў горшы для беларускай мовы: шмат у якіх афіцыйна беларускамоўных школах і зараз так, закон ні на што не ўплывае.
На практыцы нічога абсалютна не зменіцца, гэта проста імітацыя дзейнасці. Чыноўнікі ў працэсе проста пабачылі, што ў шмат якіх законах моўнае пытанне пішацца з «і (або)» і зрабілі аналагічна і тут", — патлумачыла для Hrodna.life змены Аліна Нагорная, аўтарка кампаній за абарону беларускай мовы.
«Тое што ў гэтым законе „Рэспубліка Беларусь гарантуе…“ — ведаю сотні гісторый, дзе гарантыя не дапамагла, — падзялілася Аліна Нагорная. — Бацькам прыходзілася вазіць дзіця ў школу з беларускай мовай праз увесь Мінск, бо нават пры жаданні многіх бацькоў адкрыць клас з беларускай мовай побач з домам яго не адкрывалі; сям’я пераехала ў Вільню або Беласток, бо там прасцей з беларускай мовай у школах і садках, чым у большасці беларускіх гарадоў; людзі спрабавалі нават судзіцца за беларускую мову, нічога не атрымлівалася, аддавалі ў прыватную школу/садок, на гэта сыходзілі ўсе іх грошы і пасля яны ў выніку аддавалі ў рускамоўную школу, бо проста няма іншых варыянтаў. Таму моўнае заканадаўства не выконвалася і выконвацца не будзе, незалежна ад таго, што там напісана. Яно выконваецца толькі ў выпадку, калі пачынаеш абараняць сваё права на мову, пішаш звароты і г. д., і тое не заўжды».
Паводле закона, права грамадзян на выбар навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь мусіць забяспечвацца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі, класаў, груп, патокаў з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, выданнем літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай і рускай мовах. Педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.
З артыкула 21 знікне фраза: «Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у рэспубліцы».
Паводле зменаў, у дзіцячых садках і школах навучанне можа адбывацца на замежнай мове па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі і «пры наяўнасці ўмоў». Раней класы або школы, дзе навучанне вядзецца на мове нацменшасці маглі стварацца па жаданні вучняў і бацькоў або законных прадстаўнікоў і па рашэнні мясцовых уладаў, пры ўзгадненні з Мінадукацыі.
У садках і школах могуць стварацца групы, у якіх выхаванцы вывучаюць мову нацыянальнай меншасці, а таксама класы ў школах, дзе навучэнцы будуць вывучаць мову і літаратуру нацыянальнай меншасці. Для гэтага павінны быць выказаныя пажаданні выхаванцаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў і рашэнне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненым з Міністэрствам адукацыі.
Навучанне і выхаванне «на замежнай мове» ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі магчыма будзе «пры наяўнасці ўмоў і па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі».
Дакумент ухвалены Саветам Рэспублікі. Калі закон будзе прыняты, змены набудуць сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
Раней у Гродне і Ваўкавыску былі школы з навучаннем на польскай мове. У 2022/2023 навучальным годзе школы перайшлі на выкладанне на рускай мове з захаваннем урокаў польскай мовы.
Чытайце таксама: «Гэта дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце». Што бацькі і дзеячы польскай меншасці кажуць пра русіфікацыю школаў у Гродне і Ваўкавыску
Летам 2022 года прынялі рашэнне аб прыпыненні працы літоўскай школы ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна. Афіцыйная прычына — парушэнні, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю навучэнцаў і педагогаў. Раней гэтую школу хацелі русіфікаваць у межах ліквідацыі школьніцтва на мовах нацыянальных меншасцяў. Мы намагаліся высветліць, якая сітуацыя ў школе зараз, але не змаглі дазваніцца: па двух кантактах адміністрацыі не адказваюць. На рускую мову вырашылі перавесці навучанне і ў другой былой літоўскай школе ў Рымдзюнах Астравецкага раёна. Пеляская школа была адзінай у Беларусі, фінансаванне якой ажыццяўлялася літоўскім урадам, школу ў Рымдзюнах пабудавалі за кошт Літвы.
Чытайце таксама:
У Гродне запланавалі бягучы рамонт авальнай залы ў Новым замку. Работы завершаць да канца снежня.…
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы месцы ёсць для 82,1% тых, каму яны патрэбны,…
Турыстка прыехала ў Гродна і хацела сфатаграфавацца на фоне вядомай гродзенскай фотазоны - гродзенскага ўніверсітэта,…
Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт вызначыў месцы, дзе ў Гродне забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне…
Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid.…
На Карла Маркса, 10 з'явілася чайхана "Халяль" - з мантамі, пловам і лавашам з тандыра.…