Больш за 200 працоўных месцаў з’явяцца з адкрыццём новага шклозавода ў Гродне. Яго будуюць побач з трасай М6 у Аўльсе, паведаміў тэлеканал СТБ. Тэлеканал сцвярджае, што гэты праект унікальны для Беларусі, а ў свеце нібыта не больш за 10 аналагаў такой вытворчасці.
На новым заводзе плануюць выпускаць больш за 200 млн бутэлек у год. У залежнасці ад запатрабаванасці, шкло змогуць рабіць любога колеру, а пераход ад аднаго да другога можа адбывацца ў кароткі тэрмін — за два-тры дні.
Галоўнае — забяспечыць унутраны рынак
Галоўная задача новага завода — забяспечыць шклотарай унутраны рынак. На новым заводзе плануюць выкарыстоўваць інавацыйныя энэргаэфектыўныя і рэсурсазахоўваючыя тэхналогіі. Афіцыйны прадстаўнік холдынга «Гродзенскі шклозавод» Таццяна Бондар кажа, што адна з адметнасцяў новай вытворчасці - печ аб’ёмам 220 тон шкла ў суткі.
Зараз адбываецца падбор і навучанне будучых супрацоўнікаў, а таксама наладжванне абсталявання.
Навошта ў Гродне яшчэ адзін шклозавод
Завод вырашылі будаваць для задавальнення попыту на шкляную тару і ўпакоўку як альтэрнатыву пластыку. Цяперашняе прадпрыемства ААТ «Гродзенскі шклозавод» знаходзіцца ў цэнтры горада і не можа нарошчваць вытворчыя магутнасці.
Каб знізіць уздзеянне на навакольнае асяроддзе, шкловараную печ абсталююць электрафільтрам і аўтаматызаванай сістэмай кантролю за працай механізмаў ачысткі, колькасным і якасным складам выкідаў у атмасферу.
Калі пачалі будаваць завод
Новы шклозавод у Гродне пачалі будаваць вясной 2021 года. Будаўніцтва адбываецца ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» у Аўльсе. Новыя вытворчыя плошчы будуюць каля трасы М6, бо гэта павінна станоўча паўплываць на распрацоўку лагістычных маршрутаў.
Генпадрадчык будаўніцтва — ААТ «Гроднапрамбуд». Працы планавалі завяршыць да кастрычніка 2022 года.
Чытайце таксама: Шклозавод «Нёман» выпусціў «прэм'ерную» калекцыю крышталю. Чым адметна навінка?