Новы гандлёвы цэнтр плануюць пабудаваць у Грандзічах, на скрыжыванні вуліц Саяпіна і Асфальтнай. Праект будынка апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама.
Новы гандлёвы цэнтр з паркоўкамі і зялёнай зонай пабудуюць на ўчастку ў 4 га. З-за перападу вышыні на тэрыторыі (каля васьмі метраў) частку будынка ў нізіне плануюць зрабіць двухпавярховай, а на раўніне — аднапавярховай. Агульная плошча будынка складзе 12,5 тыс.кв. метраў (у гродзенскага OldCity — 26 тыс. кв. метраў).
Часткі будынка звяжуць галерэяй, усталююць велапаркоўкі і зарадкі для электракараў
У аднапавярховай частцы будынка размесціцца гіпермаркет на 2,5 тыс. кв. метраў. Зараз адбываюцца перамовы з беларускімі гандлёвымі сеткамі, якія хочуць туды заехаць. У двухпавярховай частцы плануюць размясціць офісы, кабінеты абслугоўвання, буцікі, дзіцячыя пакоі і іншыя крамы. Акрамя гэтага, там запраектавалі кафэ з вокнамі ў падлогу і магчымасцю адкрыць летнюю тэрасу.
Часткі будынка плануюць звязаць галерэяй шырынёй дзевяць метраў. Па цэнтры яе хочуць размясціць гандлёвыя кропкі - «астраўкі».
У кожнай частцы гандлёвага цэнтра будзе свая паркоўка. Яны будуць звязаны праездам, а агульная колькасць машынамесцаў будзе 323. Для электракараў усталююць шэсць падзарадак, а каля кожнага ўвахода ў гандлёвы цэнтр будзе паркоўка для веласіпедаў.
Побач з гандлёвым цэнтрам арганізуюць парк
На тэрыторыі каля 70 сотак арганізуюць паркавую зону. Гэта павінна кампенсаваць знішчэнне дрэваў і кустарнікаў пры будаўніцтве. Там высадзяць каля 200 сажанцаў: клён, ліпу, бярозу, таполю. Акрамя гэтага, плануюць сфармаваць жывую агароджу.
Праз парк хочуць пракласці алеі шырынёй тры метры. Уздоўж іх плануюць арганізаваць асвятленне, паставіць лавы і сметніцы. На вуліцы Асфальтнай арганізуюць яшчэ адзін рэгулюемы пешаходны пераход.
Калі пачнуць будаўніцтва
Замоўца будаўніцтва — прыватная гродзенская кампанія «Норланд». Распрацоўку праекта рабіла архітэктурнае бюро «ВКЛ-Праект». Будаўніцтва новага гандлёвага цэнтра плануюць пачаць вясной 2023 года. Скончыць плануюць у 2024 годзе.
Зараз адбываюцца грамадскія абмеркаванні. Свае заўвагі альбо прапановы можна накіраваць на электронную пошту Гродзенскага гарвыканкама альбо пісьмова, па адрасе: Гродзенскі гарвыканкам, плошча Леніна 2/1, 230 023, Гродна.
Акрамя гэтага заўвагі і прапановы прымаюць на электронную пошту Упраўлення архітэктуры і градабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Ці ў пісьмовым звароце па адрасе: пл.Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, Гродна. Альбо праз сэрвіс «Электронныя звароты» на саце Гродзенскага гарвыканкама.