За год бітум, кошт якога складае палову кошту асфальтабетону, падаражэў у 2,7 разоў. Пры гэтым бюджэт на рамонт дарог у Гродзенскім раёне ў 2023 годзе застанецца такім жа, якім быў у гэтым. За такія грошы ў наступным годзе арганізацыя «Гроднадарожнік» зможа адрамантаваць 4,5 км мясцовых дарог, падлічыў яе кіраўнік Уладзімір Кароль.
«Гроднадарожнік» — філіял «Гроднааблдарбуд». Арганізацыя абслугоўвае ўсе дарогі ў Гродзенскім раёне.
Бюджэту, які вылучаюць філіялу, не хапае нават на тыя мясцовыя дарогі, што знаходзяцца на балансе «Гроднадарожніка», расказаў «Перспектыве» кіраўнік арганізацыі Уладзімір Кароль. Пры гэтым не ўсе дарогі раёна пераведзены на баланс. Дарогі сельскагаспадарчых вытворых комплексаў па ўмовах спачатку павінна «прывесці ў парадак» само СВК. Гэта не заўсёды адбываецца своечасова: дарога можа не эксплуатавацца гаспадаркай, а лішніх грошай няма.
На 2023 год «Гроднадарожніку» вылучаць 1,9 млн рублёў. Такі ж бюджэт быў і ў 2022 год. Пры гэтым адна тона бітуму ў пачатку мінулага года каштавала 680 рублёў. На пачатак гэтага года — ужо 1810 рублёў. Бітум жа складае 50% ад кошту асфальтабетону, патлумачыў Уладзімір Кароль.
«Мы цяпер будуем дарогу ад Забалаці да Азёрскай шашы ў Гродне. Два кіламетры стаяць 36 мільёнаў. Так, сюды ўваходзяць і праект, і экспертыза, і наогул, гэта новае будаўніцтва. Але параўнайце: 1 мільён 900 тысяч рублёў і 36 мільёнаў. Розніца ў 18 разоў», — прывёў прыклад ён.
100 гадоў на рамонты як раз хопіць
Недафінансаванне мясцовых дарог прывяло да таго, што 80% з іх ужо выйшлі з нарматыўных рамонтных тэрмінаў, адзначыў начальнік філіяла.
У 2008 годзе толькі «Гроднадарожнік» рамантаваў за год не менш за 30−40 км дарог. Адзін кіламетр бягучага рамонту асфальтабетоннага пакрыцця ў залежнасці ад стану цяпер абыходзіцца ў 250−300 тысяч рублёў. Пры цяперашнім фінансаванні на наступны год атрымаецца зрабіць 4,5 км.
«Пытанні фінансавання дарог я падымаю на ўсіх узроўнях. Кожны ківае галавой. І на гэтым усё», — паскардзіўся Уладзімір Кароль.
Зараз на балансе «Гроднадарожніка» знаходзіцца каля тысячы кіламетраў дарог. Калі арганізацыя будзе рамантаваць па 10 км на год, рамонты скончацца праз 100 гадоў, звярнула ўвагу выданне.
Выйсце — усё перавесці ў гравійкі?
Нядаўна абмяркоўвалі ідэю пераводу часткі дарог у жвіровыя, падзяліўся спецыяліст. Абслугоўваць іх значна прасцей. Але ўсё ж ён лічыць гэта дрэнным рашэннем праблемы.
«Гравійка добрая ў полі, зручная для калгаснага транспарту, для трактара, праезду паміж палямі. У любое надвор’е ямачнасць прыбіраецца шляхам грейдавання. Дарэчы, у раёне ў асноўным не аўтааматар разбівае дарогу, а тэхніка сельгаспрадпрыемстваў. Маё меркаванне: там, дзе ездзяць легкавыя аўтамабілі, трэба, каб быў асфальт».
Колькі трацяць на дарогі
У апошнія гады для будаўніцтва і рэканструкцыі дарожнай інфраструктуры ў Беларусі актыўна выкарыстоўвалася фінансаванне ад міжнародных інвестыцыйных фондаў, звяртала ўвагу выданне «Беларусы і рынак». Так, толькі ў 2019 годзе 110 млн еўра на рэканструкцыю дарог М6 і М7 вылучыў Еўрапейскі інвестыцыйны банк, 322 млн еўра на рэканструкцыю дарог Беларусі - Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. З 2014 па 2020 год 270 млн еўра на дарожную інфраструктуру прыйшло ад Сусветнага банка.
Паводле дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021−2025 гады ў 2022 годзе на ўтрыманне дарог і дарожных збудаванняў з бюджэту Гродзенскай вобласці планавалі выдаткаваць 14 720 тысяч рублёў. На бягучы рамонт збіраліся аддаць 19 040 тысяч рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага дарожнага фонду — 12 800 тысяч рублёў, з мясцовага бюджэту — 6 240 тысяч рублёў. На капітальны рамонт дарог і дарожных збудаванняў вобласці вырашылі вылучыць 11 950 тысяч рублёў. Усю суму збіраліся ўзяць з мясцовага бюджэту. Разлікі праводзілі па цэнах на момант зацвярджэння праграмы — красавік 2021. На бягучы рамонт дарог Гродзенскай вобласці ў 2023 годзе вырашылі вылучыць 20 900 тысяч рублёў.
Усяго па праграме ў 2022 годзе збіраліся выдаткаваць 105,7 млн рублёў на будаўніцтва дарог рэспубліканскага значэння і каля 290 млн рублёў - у дарожную інфраструктуру рэгіёнаў. Запланаваных грошай аказалася недастаткова. Выдаткі на будаўніцтва і рэканструкцыю рэспубліканскіх аўтадарог урад павялічыў на 47 млн рублёў.
Чытайце таксама: