«Цынізмам на мяжы» назвалі ўчынак гродзенскіх падлеткаў у прысвечаным ім сюжэце на АНТ, а іх саміх — «антыгероямі нашага часу». 15 кастрычніка школьнікі 14 і 15 гадоў патушылі Вечны агонь у парку Жылібера. Адзін з іх заліў агонь напоем, а другі зняў гэта на тэлефон і выклаў у сеціва. Іх ідэнтыфікавалі праз гадзіну. Зараз хлопцам пагражае шэсць гадоў пазбаўлення волі.
Рашэнне аб заключэнні падлеткаў пад варту намеснік пракурора Гродна вынес публічна, у прысутнасці навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 і сярэдняй школы № 39. Школьнікам інкрымінавана злоснае хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК), удакладнілі ў пракуратуры.
Адзін з падлеткаў вучыцца ў школе № 39 раней, другі працягвае там вучыцца. У гэтай школе, па словах дырэктара,"робіцца вельмі шмат у рамках ваенна-патрыятычнага выхавання", ёсць ваенна-патрыятычныя класы.
Згодна з матэрыяламі справы, 15 кастрычніка ля мемарыяльнага комплексу «Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у г.Гродна», размешчанага ў парку Жылібера, падлеткі апаганілі Вечны агонь — адзін затушыў яго вадкасцю, а другі зняў гэта на мабільны тэлефон, пасля чаго размясціў у інтэрнэце. Асобы хлопцаў выявілі праз гадзіну пасля гэтага, удакладнілі на АНТ. Затрымалі іх раніцай наступнага дня.
«Непаўналетнія былі здзіўлены з’яўленню супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, паколькі да канца не ўсведамлялі значнасць месца, дзе былі здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні, а таксама не ўсведамлялі тыя маральныя нормы, якія былі парушаныя іх проціпраўнымі паводзінамі», — пракаментаваў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі. У сюжэце ўдакладнілі, што падлеткі раскайваюцца.
«Ад такога хайпа мурашкі па скуры», — падкрэсліў вядучы АНТ.
Санкцыянаванне меры стрымання заключэння пад варту абумоўлена «абставінамі злачынства і дадзенымі пра асобу абвінавачаных», удакладнілі ў пракуратуры. Падлеткам пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.