У Беларусі апублікавалі праект зменаў у Выбарчы кодэкс. Дакумент змяшчае 86 старонак. У грамадскім абмеркаванні на дзяржаўным рэсурсе «Прававы форум Беларусі» прапануюць паўдзельнічаць кожнаму. Там жа можна азнаёміцца з праектам закона аб Усебеларускім народным сходзе і абмеркаваць яго.
Для ўнясення прапаноў або заўваг па абодвух праектах трэба зарэгістравацца на сайце прававога форуму. Абмеркаванне праходзіць з 24 кастрычніка па 2 лістапада 2022 года.
Кодэкс дапоўнены асобным раздзелам, які вызначае парадак абрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці, удакладняе партал pravo.by. Арганізатар грамадскага абмеркавання па Выбарчым кодэксе — Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗП).
Грамадзяне Беларусі за мяжой не прагаласуюць, а вось затрыманыя-змогуць
Сярод важных змяненняў у праекце Выбарчага кодэксу — павелічэнне мінімальнага ўзросту для кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі - ім можна будзе стаць з 40 гадоў (зараз — 35 гадоў); максімальную колькасць тэрмінаў для прэзідэнта абмежавана да двух. Таксама каб стаць кандыдатам у прэзідэнты, трэба будзе як мінімум 20 гадоў асела пражыць у краіне.
Ад арганізацыі ўчасткаў для галасавання беларусаў, якія жывуць за мяжой, у праекце закона вырашылі адмовіцца. Гэта звязана з «наяўным адмоўным вопытам правядзення выбарчых кампаній па прычыне неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі, адсутнасці неабходных умоў для бяспекі работнікаў замежных устаноў і грамадзян, скарачэння колькасці работнікаў дыпламатычных службаў», расказаў новы старшыня ЦВК Ігар Карпенка БелТА. А вось людзі, у дачыненні да якіх абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, але не вынесены прысуд, узяць удзел у галасаванні змогуць.
Выбары 2024 года, якія павінны прайсці па новых правілах, стануць самай маштабнай кампаніяй за апошнія гады, але зусім не самай лёгкай, заявіў Аляксандр Лукашэнка напярэдадні публікацыі зменаў.
Адмена парога яўкі, змены для назіральнікаў
Збіраюцца адмяніць парог яўкі на парламенцкіх выбарах. У дакуменце рэгламентаваны працэдуры прызнання выбараў прэзідэнта, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў неканстытуцыйнымі або нелегітымнымі. Зменены тэрміны выбарчых працэдур. Выбары ў Савет Рэспублікі будуць арганізаваныя пасля адзінага дня галасавання дэпутатамі мясцовых саветаў новага 29-га склікання, тэрміны для іх таксама змянілі.
Скарочаны тэрмін для акрэдытацыі нацыянальных назіральнікаў - да пачатку датэрміновага галасавання. Паводле дзейнага заканадаўства назіральнік можа прыйсці і акрэдытавацца на выбарах нават у сам дзень галасавання.
Акруговыя і раённыя ў Мінску камісіі па выбарах дэпутатаў абласных і Мінскага гарадскога саветаў ўтвараць не будуць. Іх функцыі перададуць 110 акруговым камісіям па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Зменшана колькасць членаў раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) камісій, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), сельскіх і пасялковых камісій. Колькасць сябраў участковых камісій не мяняюць (5−19 чалавек).
Для вылучэння кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў спатрэбіцца 1% ад выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі дадзенай выбарчай акругі, але не менш за 10 подпісаў. Пры складанні спісаў выбаршчыкаў будуць выкарыстоўваць дадзеныя рэгістра насельніцтва.
Закон аб УНС таксама можна абмеркаваць
Праект Закона аб Усебеларускім народным сходзе (УНС) таксама апублікаваны на Прававым форуме і даступны да абмеркавання. Ініцыятар абмеркавання — Палата прадстаўнікоў. Дакумент змяшчае 29 старонак. У ім вызначаюць прававы статус, кампетэнцыю і парадак фарміравання УНС, правы і абавязкі яго дэлегатаў і прынцыпы дзейнасці новага органа.
Па выніках абмеркавання Палата прадстаўнікоў будзе дапрацоўваць праект закона аб УНС, а НЦЗПІ ва ўзаемадзеянні з ЦВК будзе ўлічваць прапановы, якія паступілі пры змене выбарчага кодэкса, расказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі для БелТА.
«Улічваючы значнасць гэтых законапраектаў, мяркуем, што некалькі тысяч прапаноў цалкам верагодна мы можам атрымаць у ходзе грамадскага абмеркавання, — упэўнены ён. — Прапановы могуць мець абсалютна розны характар, не абавязкова іх афармляць у выглядзе выразных юрыдычных нормаў».
Чытайце таксама:
- Предложат явиться, конфискуют недвижимость. Как будут работать поправки в Уголовный кодекс и за что ждут заочные суды
- Согласование — до 10 рабочих дней. В Беларуси ввели новую систему регулирования цен
- «Для формирования идеологически устойчивой личности». Что регулирует новый закон о лицензиях для школ, садиков и ЖД
- Одних лишить гражданства, других — под амнистию. Что предложили на совещании у Лукашенко