У Гродзенскай вобласці распачалі пяць крымінальных спраў за павышэнне цэнаў на прадукты. З 7 па 17 кастрычніка 2022 года Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) праверыў 4785 аб’ектаў гандлю, паведаміў «Гродна Плюс».
Парушэнні выявілі ў 57 аб’ектах. Па ўсіх фактах павышэння цэнаў даюць прававую ацэнку.
14 кастрычніка 2022 года было вядома пра дзве крымінальныя справы. Іх распачалі за павышэнне цэнаў у дзвюх крамах Гродна і Ваўкавыска. Тады КДК выявіў павышэнне цэнаў не менш чым на 30 тавараў. Сярод іх каўбасныя вырабы, мясныя кансервы і марожанае. Павышэнне на асобныя тавары дасягнула 1,7 рублёў.
Па якім артыкуле могуць асудзіць супрацоўнікаў крамаў
За павышэнне цаны на прадукты супрацоўнікам крамы можа пагражаць пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў са штрафам альбо без яго. Таксама адказную асобу пазбавяць права займаць акрэсленыя пасады і займацца акрэсленай дзейнасцю паводле ч.1 арт.426 Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Калі забаранілі рост цэнаў
Рост цэнаў забаранілі ад 6 кастрычніка 2022 года. Выключэнні з забароны тычацца індывідуальны рашэнняў міністра альбо старшыні аблвыканкама. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што за парушэнне забароны будуць затрымліваць і заводзіць крымінальныя справы. Адказнасць ён усклаў на Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Чытайце таксама: Мяса на 18%, алкаголь на 16%. Што падаражэла, а што стала танней у Беларусі за год