Гастра-бар «МЕТРО» плануюць адкрыць у Лідзе ў 40-метровым танэлі на глыбіні трох метраў. У ім будзе барная стойка даўжынёй 15 метраў і 40 пасадачных месцаў для гасцей, паведаміла газета «Прынёманскія весці».
Бар хочуць адкрыць у танэлі ад завода «Лакафарба». Раней там размяшчаўся элеватар, якія выкарыстоўвалі пад шчэбень і будаўнічыя сумясі. Калі яго перасталі эксплуатаваць, у танэлі планавалі вырошчваць грыбы і развадзіць рыбу.
Зараз танэль належыць будаўнічай фірме «Вега». Менавіта яе дырэктар Чэслаў Бурко і архітэктар Павел Мацылевіч займаюцца праектам «МЕТРО». Яны ж стаяць за лідскай грамадска-культурніцкай пляцоўкай «Wega Social Club» для камунікацыі бізнесу, крэатыўнага класу і творчай моладзі. Там адбываюцца жывыя выступы музыкаў, выставы, тэматычныя сустрэчы.
Што плануюць рабіць у «МЕТРО»
Бар хочуць адкрыць у 2023 годзе — да 700-годдзя Ліды. У ім плануюць праводзіць выставы, імерсіўныя спектаклі, прома-прэзентацыі. У бары, над зямлёй, будзе адкрытая тэраса, падобная да мінскай «Пясочніцы». Там будуць адбывацца дзелавыя, культурныя і забаўляльныя праекты.
Чытайце таксама: Кліенты сыходзяць, бары губляць прыбытак, дамовіцца немагчыма. Што адбываецца на Маставой, дзе пасля 23:00 не працуюць летнія пляцоўкі