У Гродзенскай вобласці распачалі дзве крымінальныя справы за павышэнне цэнаў на прадукты. Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) убачыў беспадстаўнае павышэнне цэнаў у дзвюх крамах Гродна і Ваўкавыска, паведаміла БелТА.
КДК выявіў павышэнне цэнаў не менш чым на 30 пазіцый тавараў. Сярод іх каўбасныя вырабы, мясныя кансервы і марожанае. Цану павялічылі з 6 па 8 кастрычніка. Павышэнне на асобныя тавары дасягнула 1,7 рублёў.
Па якім артыкуле могуць асудзіць супрацоўнікаў крамаў
За павышэнне цаны на прадукты супрацоўнікам крамы пагражае пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў са штрафам альбо без яго. Таксама адказную асобу пазбавяць права займаць акрэсленыя пасады і займацца акрэсленай дзейнасцю паводле ч.1 арт.426 Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Калі забаранілі рост цэнаў
Рост цэнаў забаранілі ад 6 кастрычніка 2022 года. Выключэнні з забароны тычацца індывідуальны рашэнняў міністра альбо старшыні аблвыканкама. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што за парушэнне забароны будуць затрымліваць і заводзіць крымінальныя справы. Адказнасць ён усклаў на Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю.
З ростам цэн ужо змагаліся — без асаблівага выніку
За год — з верасня 2021 па жнівень 2022 года — мяса падаражала амаль на 18%, алкаголь на 16%, малако на 13,5%. У лютым 2021 года ўлады Беларусі спрабавалі замарозіць цэны на некаторыя прадукты. Пастанова Савета Міністраў пачала дзейнічаць з сакавіка 2021 года. Паводле дакумента рост цэнаў на тавары першай неабходнасці не павінен быў перавышаць 0,2% у месяц (то бок 2,4% у год). У спіс патрапіла 57 тавараў.
Але за 2021 год спецыяльная камісія ад Савета міністраў некалькі разоў дазваляла павысіць цану больш усталяванай нормы. У снежні 2021 года спіс скарацілі да 29 пунктаў. З катэгорыі сацыяльна значных прыбралі рыс, грэчку, соль, бяскостнае мяса, каўбасу, агуркі, памідоры, гарбату. На астатнія прадукты дазволілі падымаць цэны ад 0,3 да 0,9 працэнтаў у месяц.