На прадпрыемстве закупяць мабільныя тэлефоны і відэарэгістратары. Удакладняюць выбар мадэляў тэлефонаў і мабільнага аператара, паведаміў начальнік цэха сувязі Аляксандр Бакей. Пра гэта паведамілі ў карпаратыўным выданні прадпрыемства «Гродзенскі хімік».
Таксама на прадпрыемстве прадумваюць, як арганізаваць захоўванне асабістых тэлефонаў. У распрацоўцы дакументы, якія рэгулююць парадак выкарыстання і адказнасць за захаванасць прылад, якія прадаставіць прадпрыемства.
У Telegram-канале, які вядуць стачкамаўцы дзяржпрадпрыемстваў, 28 верасня выклалі дакумент. Мяркуючы па ім, супрацоўнікам усіх структурных падраздзяленняў «Азоту», акрамя іх кіраўнікоў і іх намеснікаў, забароняць выкарыстоўваць смартфоны. Іх перад пачаткам працы будуць змяшчаць у спецыяльныя ячэйкі. Каля іх з’явяцца відэакамеры. Для супрацоўнікаў закупяць кнопкавыя тэлефоны. Новыя правілы хочуць ўвесці з 1 лістапада.
Рэпрэсіі на «Гродна Азот»
«Гродна Азот» стаў цэнтрам пратэстаў у 2020 годзе. Пасля няўдалай стачкі ў кастрычніку 2020 года на супрацоўнікаў пачалі ціснуць. Як мінімум шэсць чалавек затрымалі ў кастрычніку 2021 года ў Гродне па справе «Рабочага Руху». Распачата справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Каля 20 беларусаў, якія праходзяць сведкамі па справе «Рабочага Руху», пакінулі Беларусь. У канцы 2021 года на прадпрыемстве загаварылі пра звальненні па спісах. Калі звальнення і былі, то не такія масавыя, пра якіх гаварылі.