На вуліцы Мопраўскай, 6 у Гродне зруйнавалі будынак пачатку ХХ стагоддзя. Пра гэта паведаміў гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон на сваёй старонцы ў Facebook.
Будынак зруйнавалі прыкладна месяц таму, у верасні 2022 года. Па факце зноса гісторык Мечыслаў Супрон звярнуўся па тлумачэнне ў Міністэрства культуры.
«Адказ мінкульта — будынак не мае статусу ГКК [Гісторыка-культурнай каштоўнасці - Hrodna.life]», — напісаў Супрон.
Акрамя гэтага, у Міністэрстве культуры паведамілі, што будынак не вылучаны як шэраговая гістарычная забудова ў праекце зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна».
Адказ Мечыславу Супрону з Міністэрства культуры. Крыніца: Facebook
Чым быў каштоўны будынак на Мопраўскай
Будынак на вуліцы Мопраўскай, 6 быў тыповай гарадской камяніцай канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Гэта была частка забудовы кварталу вуліцы Малой Траецкай.
«Вуліца Мопраўская ў пачатку ХХ стагоддзя фактычна з’яўлялася часткай вуліцы Малой Траецкай, якая ішла ўздоўж абрыву. Пасля зносу гэтага будынка на Мопраўскай не засталося ніводнага гістарычнага будынка», — сказаў Hrodna.life гісторык Мечыслаў Супрон.
У пачатку ХХ стагоддзя тэрыторыя, дзе стаяў дом, з’яўлялася густанаселеным яўрэйскім кварталам, у якім у асноўным жылі гандляры і рамеснікі. Канкрэтнае імя ўладальніка дома пакуль невядома.
«Падмурак развальваўся ды па ўсіх сценах вялікія трэшчыны»
«Для пратаколу дом перабудаваны саветамі. Шмат чаго пашкоджана. Падмурак развальваўся ды па ўсіх сценах вялікія трэшчыны. Па факту две з паловай сцяны і тыя з большага трэба перарарабіць. А ці ёсьць у нас добрыя рэстаўратары, якія б склалі на нова будынак не ведаю. Прынамсі чалавек праводзіў экспертызу па захаваньні гістарычнай спадчыны. Але як там далей адбывалася ня ведаю. Ды магчыма штосьці адбудавана яшчэ будзе. Я б не сьпяшаўся з высновамі», — напісаў у каментарах чытач аднаго з гродзенскіх тэлеграм-каналаў.
Чытайце таксама: «Спыніце знішчэнне Гародні». Пакуль вы спалі, на Валковіча пачалі зносіць старадаўні дом