Развязку на скрыжаванні праспекту Касманаўтаў з вуліцай Карскага плануюць адкрыць да 7 лістапада. Паралельна пракладваюць дарогу ад Азёрскай шашы да мікрараёна Забалаць, паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.
Па словах Караніка, будаўнікам паставілі задачу, каб на Раство людзі, мінуючы цэнтр горада, маглі праехаць з мікрараёна Грандзічы ў Альшанку. «Фактычна, дарогай аб’яднаем два раёны, якія дынамічна развіваюцца, Альшанку і Грандзічы».
Таксама новая магістраль дазволіць разгрузіць Дзевятоўку і вуліцу Таўлая. Жыхарам Грандзіч стане прасцей дабірацца на працу.
Развязка на Касманаўтаў - частка гарадской аб’яздной
Участак аб’яздной дарогі ад трасы М6 да Скідзельскай шашы адкрылі ў снежні 2021 года. Пасля гэтага працы па падаўжэнні аб’язной ад Усходняга моста ў бок праспекта Касманаўтаў спынілі і аднавілі ў ліпені 2022 года. Даўжыня новага ўчастка аб’яздной дарогі - каля 280 метраў.
Паводле планаў, новая кальцавая пасля праспекта Касманаўтаў працягнецца ў раёне вуліцы Карскага і выйдзе на Грандзічы, а адтуль — на дарогу Гродна-Друскенікі побач з КБМ. Усе 40 км новай дарогі будуць цалкам асветленыя. Па ёй таксама пракладуць тралейбусныя лініі.