Тэрыторыю ад скрыжывання вуліц Дзяржынскага і Астроўскага амаль да заапарка прададуць з аўкцыёну 8 лістапада. На ўчастку ў 6,6 га з’явіцца новы раён шматпавярховікаў, паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.
Зараз на ўчастку пустка, а таксама будынкі былых складоў і станцый тэхнічнага абслугоўвання. Акрамя гэтага ёсць пустуючыя ангары прадпрыемства «Гроднагандальмаш». Пра іх знос і падаўжэнне вуліцы Астроўскага да заапарка гарадскія ўлады казалі яшчэ ў сярэдзіне 2000-х гадоў, але да продажу зямлі прыступілі толькі цяпер.
Што там плануюць будаваць
На ўчастку з’явіцца раён шматпавярховікаў вышынёй ад пяці да дзесяці паверхаў. Акрамя гэтага на тэрыторыі можна пабудаваць аб’екты абслугоўвання насельніцтва, напрыклад, гандлёвыя цэнтры. Жылыя дамы, якія зараз знаходзяцца на гэтай тэрыторыі, зносіць не будуць.
Таксама забудоўшчык павінен будзе пабудаваць дзіцячы садок. Дапушчальна, каб ён быў убудавана-прыбудаваны ў жылы дом.
Акрамя гэтага забудоўшчыку варта прадугледзець пляцоўкі для гаспадарчых мэтаў, адпачынку дарослых і дзяцей, а таксама месцы для заняцца спортам. Па магчымасці варта максімальна захаваць зялёныя насаджэнні.
За колькі прадаюць участак
Участак прадаюць за 208,7 тысяч рублёў. Акрамя гэтага інвестар павінен аплаціць выдаткі на знос існуючых пабудоваў. Прыкладная сумма выдаткаў - 2,8 млн рублёў.