У Гродне створаць праект-схему развіцця гарадскога пасажырскага транспарту і магістральна-вулічнай сеткі Гродна. Патрэбныя паказчыкі для схемы разлічваюць на будучыню — 2030 год. Гэты праект дазволіць мадэрнізаваць і палепшыць існуючую схему.
Гродзенскі гарвыканкам шукае фірму-выканаўцу, якой гатовы заплаціць за працу 230 000 рублёў з гарадскога бюджэту. Схему трэба падрыхтаваць да лістапада 2023 года.
Праект робяць на падставе генплана Гродна і рашэння Гродзенскага гарвыканкама
Улічаць інтарэсы гараджан
У праекце прапануюць схему гарадскога пасажырскага транспарту, магістральна-вулічнай сеткі ў існуючых і перспектыўных забудовах, у тым ліку ў прамысловых зонах.
Пры стварэнні схемы ўлічаць:
- размяшчэнне новых жылых раёнаў і працоўных месцаў;
- дадзеныя аб працы аўтобусаў, тралейбусаў і маршрутак за 2018−2021 г. г.;
- колькасць зарэгістраваных у горадзе аўтамабіляў і гарадскога транспарту;
- схему маршрутаў і прыпынкаў.
Паклапоцяцца пра электратранспарт
Улады вывучаць размеркаванне транспартных патокаў і аўтамабільных плыняў па магістральна-вулічнай сетцы. Таксама яны прааналізуюць размеркаванне пасажыраў паміж рознымі відамі транспарту і даступнасць прыпынкаў. Выявяць найбольш аварыйныя ўчасткі вулічнай сеткі і месцы канцэнтрацыі ДТЗ і ўзровень загрузкі скрыжаванняў і перагонаў на апорнай магістральна-вулічнай сетцы.
У схеме пралічаць прапускную здольнасць вулічных сетак з улікам ушчыльнення забудовы. Прадугледзяць будаўніцтва разваротных пляцовак для транспарту ў мікрараёнах. Трэба будзе ўсталяваць зарадныя прылады для падзарадкі грамадскага транспарту з электрапрывадам.
Улічаць шум
Пры стварэнні схемы ацэняць уплыў транспартных шумоў на гарадскую сераду. Правядуць разлікі і пабудуюць картаграму шумоў ад транспартных патокаў. Дадуць рэкамендацыі па абароне забудовы ад шумоў аўтадарожнага транспарту.