Энэргію Беларускай АЭС плануюць выкарыстоўваць для майнінга і ў праектах электратранспарта. Але гэта адбудзецца калі АЭС пачне працаваць у поўную моц. Пра гэта сказаў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой.
«Станцыя яшчэ не запрацавала, але ўжо ёсць пакет на $ 2,5 млрд. праектаў у сумежных галінах, якія будуць выкарыстоўваць гэтую электраэнэргію», — сказаў Дзмітрый Крутой падчас форуму «Прамысловае і тэхналагічнае супрацоўніцтва Расеі і Беларусі. Навука. Космас. Адукацыя».
Як будуць выкарыстоўваць энэргію з АЭС
Ужо ёсць 20 праектаў па выкарыстанні энэргіі з БелАЭС у электратранспарце. Таксама яе плануюць накіраваць на ацяпленне шматкватэрных дамоў і выкарыстоўваць у іншых накірунках, у тым ліку майнінг.
Калі запусцілі БелАЭС
АЭС у Астраўцы пабудавалі з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт па расійскім праекце АЭС-2006. Генеральным падрадчыкам выступіла дзяржкарпарацыя «Расатам».
Фізічны пуск першага энэргаблока адбыўся ў жніўні 2020 года. У агульную энэргасістэму Беларусі яго ўключылі ў лістападзе 2020 года. Зараз БелАЭС выпрацоўвае 22% ад агульнага аб’ёма электраэнэргіі ў Беларусі. З уводам другога энэргаблока яна будзе выпрацоўваць 40%. Пасля запуска другога энэргаблока АЭС будзе выпрацоўваць у год каля 18 млрд кВт/г.
Чытайце таксама: Мірнага атама не існуе, а БелАЭС можа стаць аб’ектам шантажу. Якія новыя радыяцыйныя рызыкі стварыла вайна ва Украіне